Лукашэнка будзе ўзгадняць больш аперацый з маёмасцю ААТ

17.03.2011 11:05
Архив Редакция

У Беларусі пашыраецца пералік аперацый у кіраванні маёмасцю адкрытых акцыянерных таварыстваў, якія могуць праводзіцца толькі па ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы. Дапаўненні і змены ў адпаведны ўказ аб пытаннях распараджэння маёмасцю, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, 14 сакавіка ўнёс прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы, гэты ўказ тычыцца адчужэння будынкаў, збудаванняў, ізаляваных памяшканняў, акцый, закладу акцый, а таксама другіх і наступных эмісіяў акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, якія перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю, у статутных фондах якіх ёсць акцыі ў камунальнай уласнасці. Згодна з указам, праекты рашэнняў адпаведных мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па гэтых пытаннях уносяцца на ўзгадненне прэзідэнту. Папярэдне праекты рашэнняў павінны прайсці працэдуру ўзгаднення ў міністэрстве эканомікі, Дзяржаўным камітэце па маёмасці і іншых дзяржорганах ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.

Згодна з указам, толькі па ўзгадненні з прэзідэнтам будзе адбывацца адчужэнне, у тым ліку ўнясенне ў статутны фонд недзяржаўных юрыдычных асобаў, заклад  акцый (доляй ў статутных фондах) гаспадарчых таварыстваў, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, уключаных у пералік юрыдычных асоб, якія забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі ці важныя дзяржаўныя патрэбы, зацверджаны Саветам міністраў.

Указам таксама з 1 студзеня 2011 года прадастаўляецца аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму пераважнае права на набыццё акцый ААТ, перапрацоўчых сельскагаспадарчую прадукцыю, набытых грамадзянамі Беларусі ў дзяржавы на льготных умовах (па кошце на 20% ніжэй за намінальны кошт) і ў абмен на іменныя прыватызацыйныя чэкі «Маёмасць», а таксама перададзеных вытворцам сельгаспрадукцыі па намінальным кошце.

Ва ўказе агаворваецца, што ў выпадку, калі на працягу 90 каляндарных дзён з дня атрымання аблвыканкамам або Мінгарвыканкамам паведамлення акцыянера аб намеры прадаць свае акцыі, або з дня размяшчэння заяўкі аб продажы акцый на Беларускай валютна-фондавай біржы гэтыя акцыі не набыты аблвыканкамам або Мінгарвыканкамам па ўсталяванай цане, акцыянер мае права прадаць акцыі трэцяй асобе па цане не ніжэйшай за заяўленую выканкаму.

Як растлумачылі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы, гэта дазволіць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам набываць акцыі падобных ААТ у першачарговым парадку і, такім чынам, павялічыць долю камунальнай уласнасці ў іх статутных фондах. У сваю чаргу гэта дасць ім магчымасць уплываць на рашэнні, якія прымаюцца органамі кіравання ААТ.

Как вам новость?
Головоломки