Лукашэнка: цана на паліва — разумная, хоць і не аптымальная

17.06.2011 17:00
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня прызнаўся, што дапусціў памылку, паставіўшы выразныя рамкі коштаў на аўтамабільнае паліва. Па яго словах, чыноўнікі "занадта літаральна" ўспрынялі ягоныя словы, а "10% заможнага насельніцтва", якія карыстаюцца бензінам маркі АІ-95 павінны плаціць больш. Прэзідэнт таксама лічыць, што цяперашняя цана на аўтамабільнае паліва — "разумная, хоць і не аптымальная".

Паводле слоў прэзідэнта, калі ў Беларусі літр бензіну каштуе 70 цэнтаў у эквіваленце, а ва Украіне — 2 даляра, гэта не зусім правільна, бо правакуе людзей на вываз паліва.

«Не рабіце з мяне ў гэтай сувязі героя. Гэта дрэнна, што мы вымушаны «адкручваць» кошты. Гэта не гераізм. Гэта і іншыя бачылі, можа не так востра, як я. Але гэта мяне выбраў народ, і я павінен хутка рэагаваць», — заявіў прэзідэнт.

«Адкручваць» кошты на спажывецкія тавары, па словах прэзідэнта, цяпер таксама неразумна. «Калі мы яшчэ панізім кошт, будзем карміць як мінімум сваіх суседзяў, а як высветлілася, і Еўрасаюз, бо там цана ніжэйшая», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ажыятаж на спажывецкія тавары — гэта праблема, перш за ўсё, Мінску. «У рэгіёнах такой вастрыні няма, толькі ў нас, у «свядомым» Мінску», — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па многіх пазіцыях кошты знізілі. Цяпер жа ўлады плануюць вывесці даходы насельніцтва на больш высокі ўзровень, каб сінхранізаваць гэты працэс з павышэннем цэн на тавары.

«Нельга рэзка падвышаць цэны, ідучы на паваду вытворцаў, трэба ўсё пралічваць. Паціху будзем уваходзіць на той узровень, каб чалавек мог існаваць пры такім узроўні цэн», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Насельніцтва прэзідэнт у чарговы раз заклікаў не ствараць ажыятаж на прадукты. «Ну, зрабі так, як я кажу. А потым, калі будзе дрэнна — папракні мяне. Я ж прашу не для сябе. Бо ў складанай сітуацыі трэба арыентавацца на лідара. Зрабіце, як я кажу, потым з мяне спытаеце», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?