Лукашэнка чакае цяжкую перадвыбарную прэзідэнцкую кампанію

27.04.2010 18:08
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з жыхарамі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці заявіў, што краіну чакае цяжкая перадвыбарная прэзідэнцкая кампанія. "Наперадзе ў нас асноўная кампанія, вельмі цяжкая кампанія. Калі ў гэтай кампаніі прыйдзецца ўдзельнічаць дзейснаму прэзідэнту, то яна яшчэ цяжэй будзе", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Вы бачыце, камусьці тут не падабаецца дзейсны прэзідэнт — і на Захадзе, і на Усходзе, — заявіў беларускі лідар. — Натуральна, рукі чэшуцца, хочацца сюды ўлезці. Я наконт гэтага не вельмі перажываю, проста вам кажу — расслабляцца не трэба».

«Я ўжо, шчыра кажучы, напрацаваўся. Калі вы знойдзеце іншага прэзідэнта, то страху не будзе. Усё адно рана ці позна яго трэба будзе знайсці. Калі знойдзеце — добра», — цытуе БелТА словы Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да жыхароў Петрыкаўскага раёна, выказаў надзею: «Калі я не буду прэзідэнтам і сюды прыеду, вы не адмовіцеся, вы сустрэнецеся са мною, і як калісьці я вам дапамагаў кавалак хлеба знайсці, то і вы мне кавалак хлеба дасце».

Беларускі лідар яшчэ раз падкрэсліў, што цяпер «расслабляцца не трэба, каб не адбылося таго, што здарылася ў іншых рэспубліках, як, напрыклад, нядаўна ў Кыргызстане». «Вось гэтага нам не трэба. Калі хтосьці апладзіруе і радуецца, то толькі не народ Кыргызстана», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах прэзідэнта, падобныя рэвалюцыі адкідаюць дзяржаву і народ у сваім развіцці не на адзін дзясятак гадоў. «А хто ўсё гэта будзе выцягваць на сваіх плячах? Вы, народ», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: апазіцыянеры не вельмі й хацелі, каб іх абралі

Кажучы пра выбары ў мясцовыя саветы, кіраўнік дзяржавы заявіў, што абраныя дэпутаты павінны выконваць свае абяцанні і больш працаваць з людзьмі. «Я ведаю, што выбары адбыліся практычна ва ўсіх акругах. Абраны звычайныя, здольныя працаваць людзі. Ёсць, праўда, і апазіцыянеры», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах беларускага лідара, гэта выклікала «нейкую занепакоенасць» у шэрагу чыноўнікаў. «Я ім кажу: супакойцеся, бо апазіцыя не аднастайная, яна розная, там таксама ёсць звычайныя людзі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што калі людзі прагаласавалі за такога чалавека, то, напэўна, яны яго ведаюць і давяраюць яму.

«Ёсць апазіцыя, іх, праўда, няшмат. Яны не вельмі й хацелі, каб іх абралі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У цэлым, наколькі я інфармаваны, у нас абраны звычайны дэпутацкі корпус на ўсіх узроўнях».

Как вам новость?