Лукашэнка чакае канкрэтных рашэнняў для прасоўвання стварэння АЭП

14.03.2011 15:23
Архив Редакция

Беларусь чакае канкрэтных рашэнняў, якія прасунуць стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы краін-удзельніц Мытнага саюза. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 сакавіка на сустрэчы з генеральным сакратаром ЕўрАзЭС Таірам Мансуравым. "Мы чакаем канкрэтных рашэнняў, якія прасунуць стварэнне АЭП трох дзяржаў Беларусі, Казахстана і Расіі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што 15 сакавіка ў Мінску адбудзецца вельмі важны раўнд перамоваў у рамках АЭП, перадае БелТА.

«Мне важна атрымаць дакладную інфармацыю ў плане працы ў гэтым кірунку — па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы. Вы павінны сказаць, што Беларусі яшчэ трэба зрабіць да таго, што мы абяцалі. Мы далі такія абяцанні перад Расіяй і Казахстанам, якія з’яўляюцца не тое што рэвалюцыйнымі, але вельмі хуткімі», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

У прыватнасці, Беларусь паабяцала да 1 студзеня ратыфікаваць 17 пагадненняў, якія фактычна ў Беларусі завяршаюць стварэнне АЭП. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь цікавіць, як ідуць гэтыя працэсы ў іншых дзяржавах, якія далейшыя перспектывы.

«Вашы словы будуць значыць шмат, бо ўсе чакаюць канкрэтнай аддачы ад стварэння Адзінай эканамічнай прасторы», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.