Лукашэнка: часы для Беларусі цяпер складаныя

27.09.2010 09:44
Архив Редакция

Для Беларусі надышлі складаныя часы. Такое меркаванне выказаў 25 верасня на фестывалі «Дажынкі-2010», які праходзіць у Лідзе, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Вы бачыце гэты ціск жудасны з усіх бакоў. І яны мяркуюць, што могуць неяк мяне нахіліць і краіну разваліць", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Я ў чарговы раз кажу: я не нахіляймы, я ўмею слухаць, рабіць высновы, улічваць чужое меркаванне, ісці на кампрамісы, але нахіляць мяне бессэнсоўна таму, што ёсць Вы, значыць, Беларусь і ёсць вось гэтая прыгажосць, якую мы не можам нікому аддаць. І наогул навошта? Калі хто-небудзь хоча, каб мы камусьці гэта зрабілі, калі ласка, плаціце грошы — мы вам зробім. Але ціснуць на нас бесперспектыўна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелаПАН.

Прэзідэнт таксама запярэчыў, што павышэнне заробкаў, пенсій і стыпендый у гэтым годзе звязана з падрыхтоўкай ўлады да прэзідэнцкіх выбараў, а пасля выбараў сітуацыя зменіцца ў горшы бок. «Ці тое яшчэ будзе! Да 19 снежня вам столькі напішуць і столькі раскажуць, што вы самі здзівіцеся», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Нас палохалі ўжо шмат-шмат разоў і дэвальвацыяй, і ростам цэнаў, і абвалам, і знішчэннем, і «свіным», і «птушыным» грыпам. Я заўсёды сумленна і адкрыта казаў: супакойцеся, беларусы. Калі заўтра будзе цяжка, я сам вам пра гэта скажу, я ў гэтым буду зацікаўлены, каб людзі падрыхтаваліся. Сёння няма ніякай крытычнай сітуацыі… Нашым апанентам так званым, я іх называю ворагамі народа, яны, праўда, не вельмі згодныя, але я яшчэ раз паўтару: нашым ворагам народа выгадна дэстабілізаваць абстаноўку, ці то на фінансавым рынку, у сферы коштаў, палітыкі, эканомікі, сферы бяспекі для таго, каб нават не выйграць гэтыя выбары, а паказаць, што Лукашэнка не здольны. Усё гэта палітыка. Пройдзе Новы год, паглядзіце — пра гэта перастануць пісаць», — адзначыў беларускі лідар.

Лукашэнка: у Беларусі дэвальвацыі не будзе

Прэзідэнт заявіў, што заявы аб дэвальвацыі беларускага рубля робяцца для таго, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў фінансава-эканамічнай сферы і спарадзіць паніку сярод насельніцтва. «Ай, заўтра вось з рублём штосьці будзе і так далей. Людзі, бяжыце ў абменнікі, мяняйце на даляры! Так жа? Гэта ж, мы не першы раз перажываем. Зусім нядаўна гэта было. Я папярэдзіў людзей: не бяжыце, нармальна будзе. Той, хто пабег, вярнуўся назад. Абваліліся? Не абваліліся. І сёння мы не збіраемся абвальвацца, калі гэтага не захочуць людзі, калі яны не пачнуць панікаваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар паведаміў, што ўлады цалкам выканаюць абавязацельствы па ўтрыманні ваганняў курсу беларускага рубля ў рамках заяўленага валютнага калідора. Як нагадаў кіраўнік дзяржавы, у апошні час курс нацыянальнай валюты ўзмацняўся, што не вельмі добра для беларускіх экспарцёраў.

Паводле яго слоў, у Беларусі «дастаткова золатавалютных рэзерваў, каб разлічыцца за адзін раз з людзьмі, калі яны захочуць забраць свае ўклады». «Калі ласка, забірайце. Але я яшчэ раз кажу: мы павінны бачыць перспектыву, мы павінны дбаць і хварэць за сваю дзяржаву. Не трэба слухаць гэтых шарлатанаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы не збіраемся нацыянальную валюту, каб дагадзіць камусьці, дэвальваваць. Трэба будзе, як і ў мінулыя часы, — загадзя мы скажам аб гэтым. І наогул, мы калідор вызначаем на цэлы год і на будучы мы таксама яго аб’явім, калі мы будзем дэвальваваць або ўмацоўваць рубель… Таму ўсё гэта балбатня. Балбатня з аднаго і таго ж кабінета. Звязана гэта з тым, каб дэстабілізаваць становішча ў нашай краіне», — адзначыў прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка заклікаў народ не турбавацца, паведаміўшы, што ежы і адзення хопіць на ўсіх. «Яшчэ на палях шмат бульбы, лён прыбралі — трэба яго перапрацаваць, каб было сваё адзенне, сёння на палях добры ўраджай гародніны — яго трэба сабраць і захаваць. Увогуле, усё ў нас ёсць для таго, каб абуцца, апрануцца і паесці. Таму выжывем, як бы нас ні палохалі, як бы нам ні раілі МВФ, Расія, Еўропа. У нас ёсць свае мазгі. Мы будзем зыходзіць з таго, што ёсць», — паведаміў кіраўнік дзяржавы.

«Рыхтуйцеся да таго, каб спакойна жыць і карміць свае сем’і, вось гэта я вам дакладна кажу», — падкрэсліў прэзідэнт Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки