Лукашэнка "цяжка нешта новае прыдумаць"

24.12.2010 15:04
Архив Редакция

Беларускі прэзідэнт 24 снежня ўзяў удзел у навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей у рамках акцыі «Нашы дзеці». Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, выпраўляючыся на свята, ён думаў аб пажаданнях, якія скажа дзецям. «У апошні час я нагаварыў столькі, што цяжка нешта новае прыдумаць», — сказаў ён.

«Тут людзі розных узростаў, але аб’яднаныя адной марай: зрабіць нашу Радзіму моцнай, прыгожай, шчаслівай. Менавіта гэта нас аб’ядноўвае. Я хацеў бы вам сказаць пра тое, каб вы добра вучыліся, але вы і так добра вучыцеся, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Хацеў бы сказаць, каб вы слухаліся мамаў, татаў, бабулаў і дзядуляў і стараліся ім дапамагаць дома, але абсалютна перакананы, што вы ўсё гэта робіце», — цытуе кіраўніка краіны БелТА.

Прэзідэнт Беларусі пажадаў маладому пакаленню багацця і незалежнасці, а для дасягнення гэтай мэты параіў добра вучыцца.

«Хачу вам параіць: ваша галоўная задача, як і наша, працаваць, працаваць, каб наша краіна была прыгажэйшай. Ваша галоўная задача — перш за ўсё вучоба. Як бы гэта банальна ні гучала, але я хачу сказаць: вучыцеся, каб быць сапраўднымі людзьмі, каб быць па-сапраўднаму незалежнымі ў гэтым жыцці. Будзеце вучыцца — будзеце незалежнымі і абавязкова багатымі. Неадукаваны чалавек ніколі не будзе багатым і незалежным», — мяркуе ён.

Лукашэнка: важна, каб моладзь нікому не кланялася

Беларускі лідар адзначыў, што моладзі важна будаваць дамы на сваёй зямлі, бо менавіта з такіх дамоў будзе складвацца беларуская дзяржава.

«Важна, каб вы свой дом будавалі на сваёй зямлі, нікому не кланяліся, не хадзілі і не прасілі. А з вашых дамоў будзе складацца наша квітнеючая Беларусь. Вы ведаеце, чаго нам не хапае, асабліва моладзі? Нам не хапае патрыятызму, шчырай любові да нашай Радзімы. Я ўпэўнены, што ўсе вы ў гэтым узросце любіце сваю краіну. Вы лепш, чым дарослыя, адкажаце на пытанне пра любоў да Радзімы, аб патрыятызме, пра любоў да зямлі. Але потым усё гэта кудысьці ў некаторых знікае, калі яны становяцца дарослымі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Любіце сваю краіну, сваю зямлю заўсёды, таму што на гэтай зямлі вам трэба будзе будаваць свой дом, будаваць сваю краіну. Вы — наша будучыня», — з такімі словамі звярнуўся ён да дзяцей.

Лукашэнка: вашы бацькі даказалі, што яны патрыёты Беларусі

Прэзідэнт краіны нагадаў, што чалавек павінен быць добрым, сумленным, будаваць правільныя адносіны з суседзямі і дапамагаць таму, хто апынуўся ў бядзе. «Менавіта гэтыя якасці вылучаюць беларусаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама паставіў у прыклад дзецям іх бацькоў, кажучы аб тым, што дарослыя з’яўляюцца патрыётамі сваёй краіны.

«Я аб’ехаў многія краіны і кантыненты і хачу сказаць: прыгажэй за нашу Беларусь няма. Таму рыхтуйце сябе, каб жыць і тварыць у гэтай краіне і рабіць яе шчаслівай таму, што гэта ваша краіна. А для таго каб гэта рабіць, трэба быць адукаванымі, моцнымі і, перш за ўсё, моцнымі духам. Я жадаю вам шчасця, росквіту, здароўя вам, вашым родным і блізкім, вашым педагогам, вашым бацькам. А яны сапраўды патрыёты нашай краіны, і яны гэта нядаўна даказалі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?