Лукашэнка: да павышэння заробкаў будзем рухацца паціху

16.09.2010 17:12
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што павышэнне заробкаў у краіне будзе ажыццяўляцца паступова. Па словах кіраўніка дзяржавы, улада ўжо сёння гатовая выплачваць тысячу даляраў, але ў гэтым выпадку насельніцтва будзе цалкам разлічвацца за камунальныя паслугі, ахову здароўя, адукацыю.

«Мне Ладуцька казаў, што тысячы даляраў не хопіць, калі за ўсё гэта нашы людзі будуць плаціць без датацыяў», — сказаў прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сёння ў Беларусі пакрыццё камунальных выдаткаў насельніцтвам складае 34%. Пры гэтым штогод з бюджэту на кампенсацыю пазасталых 66% накіроўваецца больш за 1 млрд. даляраў, перадае БелТА.

«Мы можам раздаць гэтыя грошы. Але як жа адукацыя, ахова здароўя? Напрыклад, у Еўропе бедны чалавек не можа і думаць аб адукацыі. Усё гэта каштуе значна больш за камунальныя паслугі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«У нас склалася такая сістэма. Мы можам перайсці на іншую, але досвед іншых краін паказвае, што не ўсё атрымліваецца гладка, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму пакуль мы дашліфуем гэтую сістэму, а калі ў нас эканоміка ў два разы вырасце, мы свабодна зможам плаціць людзям добры заробак. Мы будзем паціху рухацца, без усялякіх рэвалюцый».

Прэзідэнт таксама адзначыў, што «кантрактнай сістэме ў Беларусі быць, але людзей пры гэтым трэба абараняць і падтрымліваць». Аляксандр Лукашэнка лічыць працоўны кантракт цывілізаванай формай ўзаемаадносін паміж працаўніком і наймальнікам.

Как вам новость?
Головоломки