Лукашэнка дапаможа беларускай школе ў Латвіі

19.08.2010 15:03
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму аказаць усебаковую дапамогу Рыжскай беларускай школе ў Латвіі. Для арганізацыі навучання школа атрымае з Беларусі мэблю, навучальнае абсталяванне, кампутары, спартовы інвентар, падручнікі, цацкі і іншае.

Аляксандр Лукашэнка даручыў таксама арганізаваць штогадовы адпачынак навучэнцаў Рыжскай беларускай школы ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» і іх экскурсіі ў Беларусь, запрашаць рыжскіх школьнікаў на дабрачыннае навагодняе свята ў рамках акцыі «Нашы дзеці», перадае БелТА.

Факт дзяржаўнай падтрымкі беларускай школы ў Латвіі ў інтэрв’ю карэспандэнту Тэлеграфу станоўча ацаніла кіраўніца «Згуртавання беларусаў свету » Бацькаўшчына»» Алена Макоўская. Па яе словах, дадзеная дапамога з’яўляецца вельмі «істотнай і доўгачаканай».

«Школа з’яўляецца ключавым пытаннем дзейнасці беларускай дыяспары, паколькі гаворка ідзе аб адукацыі наступных пакаленняў. У дадзены момант беларускія школы дзейнічаюць толькі ў Латвіі, Літве і на Беласточчыне (Падляскае ваяводства Польшчы — Тэлеграф). Дадзеная Рыжская школа мела вялікія матэрыяльныя і фінансавыя цяжкасці, былі праблемы з методыкай навучання, не хапала настаўнікаў і г.д. Так што, дзяржаўная дапамога аказалася вельмі своечасовай», — заявіла Алена Макоўская.

Кіраўніца ЗБС «Бацькаўшчына» таксама выказала надзею, што беларускія ўлады акажуць дапамогу і іншым беларускім школам за мяжой.

Рыжская беларуская школа была створана ў 1994 годзе. Яна з’яўляецца адзінай беларускай школай ў Латвіі. У цяперашні час у ёй навучаецца 130 дзяцей, 70% з іх з’яўляюцца этнічнымі беларусамі.

Как вам новость?