Лукашэнка даручыў 18 красавіка не паказваць шоў-праграмы па ТБ

17.04.2010 09:39
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў усім дзяржаўным тэлеканалам і СМІ адмовіцца ад трансляцыі забаўляльных праграм у нядзелю, 18 красавіка, у сувязі з пахаваннем прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага, загінулага ў выніку авіякатастрофы пад Смаленскам. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў таксама недзяржаўным СМІ перагледзець сетку свайго вяшчання, распавялі ў прэс-службе прэзідэнта.

Паводле распараджэння Аляксандра Лукашэнка, трансляцыя шоў-праграм і іншых забаўляльных перадач будзе абмежавана з 12:00 да 18:00.

Як паведамляў Тэлеграф, пахаванне прэзідэнцкай пары Польшчы запланаванае на нядзелю, 18 красавіка. Марыю і Леха Качынскіх пахаваюць у Кракаве, на тэрыторыі замка Вавель, дзе пахаваныя польскія каралі і знакамітыя паэты.

Жаданне прысутнічаць на жалобнай цырымоніі выказалі прэзідэнт ЗША Барак Абама, прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзяў, прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце і шэраг іншых кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў.

Афіцыйную беларускую дэлегацыю для ўдзелу ў жалобных мерапрыемствах у Польшчы ўзначаліць старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Барыс Батура.

У сваю чаргу, прадстаўнік канцылярыі польскага прэзідэнта Яцак Сасін заявіў, што з прычыны вывяржэння вулкана ў Ісландыі ўлады Польшчы ў якасці крайняй меры могуць перанесці пахаванне прэзідэнта Леха Качынскага, калі сітуацыя ў паветранай прасторы ў сувязі з вулканічным попелам не зменіцца і сусветныя лідары не змогуць прыляцець у Кракаў.

Аднак пазней Яцак Сасін зрабіў заяву, што дата пахавання не будзе пераносіцца, паколькі гэтага не хочуць блізкія загінулых.

Как вам новость?