Лукашэнка даручыў распрацаваць план узаемадзеяння з Турцыяй

08.10.2010 11:27
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць некалькі напрамкаў узаемадзеяння з Турцыяй, у прыватнасці, у машынабудаўнічым комплексе, лёгкай прамысловасці і транспартнай сферы. Гэта даручэнне кіраўнік дзяржавы агучыў 7 кастрычніка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.

Як паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта, Беларусь не задавальняюць цяперашнія аб’ёмы гандлю з Турцыяй. У сувязі з гэтым, платформа, закладзеная падчас нядаўніх беларуска-турэцкіх перамоў на вышэйшым узроўні, дае магчымасць вывесці двухбаковае супрацоўніцтва на прынцыпова іншым ўзроўні.

Так, кіраўнік дзяржавы даручыў правесці працу па арганізацыі ўзаемадзеяння з Турцыяй ў машынабудаўнічым комплексе. «Турцыя з’яўляецца краінай з развітай горназдабыўчай прамысловасцю, магутнай і сучаснай сельскай гаспадаркай. Расце запатрабаванне гэтай краіны ў мадэрнізацыі і абнаўленні тэхнапарку. У гэтым сур’ёзную дапамогу могуць аказаць беларускія прадпрыемствы, у прыватнасці, пастаўкамі трактароў, кар’ерных самазвалаў, грузавікоў МАЗ», — адзначылі ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Акрамя таго, бакі праяўляюць узаемную цікавасць да стварэння зборачных вытворчасцяў беларускіх трактароў і грузавікоў МАЗ у Турцыі з перспектывай выхаду не толькі на турэцкі, але, магчыма, і рэгіянальны рынак.

Турцыя зацікаўлена ў прыватызацыі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці Беларусі

У лёгкай прамысловасці Турцыя, перш за ўсё, зацікаўлена ў баваўнянай галіне. Так, турэцкі бок выявіў цікавасць да ўдзелу ў мадэрнізацыі і прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, такіх, напрыклад, як РУП «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне».

Акрамя таго на сустрэчы размаўлялі аб магчымым удзеле турэцкіх прадпрымальнікаў у льнаводчым комплексе Беларусі і перапрацоўцы лёну, а таксама ў мадэрнізацыі Мінскага камвольнага камбіната «Камволь».

У транспартнай сферы Турцыя праявіла вялікую цікавасць да праекту «Вікінг», у якім задзейнічаны Беларусь, Літва і Украіна. Гэта кантэйнерны цягнік, які ажыццяўляе перавозку грузаў у напрамку ад Балтыкі да Чорнага мора. Турэцкі бок выказаў вялікую зацікаўленасць у гэтым праекце з тым, каб падоўжыць яго праз Чорнае мора на тэрыторыю Турцыі і далей. Размова таксама можа ісці аб стварэнні сумеснай беларуска-турэцкай транспартнай кампаніі.

Прэзідэнт Турцыі зробіць візіт у Беларусь

У ходзе працоўнага візіту ў Турцыю Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Турцыі Абдула Гюль дамовіліся, што ў хуткім часе прэзідэнт і прэм’ер-міністр Турцыі зробяць візіты ў Беларусь. У сувязі з гэтым патрэбна інтэнсіўная праца па рэалізацыі  дамоўленасцяў, паведамілі ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Яна будзе пабудавана ў некалькі этапаў. Так, на працягу бліжэйшага месяца двухбаковыя сустрэчы плануюць правесці міністры Беларусі і Турцыі. У ходзе гэтых сустрэчаў павінны быць вызначаны канкрэтныя праекты ўзаемадзеяння. У сярэдзіне лістапада чакаецца візіт у Беларусь міністра замежных спраў Турцыі. Падчас візіту будзе акрэслена кола тэмаў і праектаў, якія неабходна рэалізаваць.

На другім этапе намечаныя праекты будуць прапрацаваны, і ў першым квартале 2011 года ў Мінску пройдзе пасяджэнне беларуска-турэцкай міжурадавай гандлёва-эканамічнай камісіі, растлумачылі ў Адміністрацыі беларускага лідара.

На трэцім этапе гэтыя дамоўленасці плануюць вывесці на ўзровень канкрэтных кантрактаў, з наступным падпісаннем іх падчас візіту прэм’ер-міністра Турцыі ў Беларусь. Чакаецца, што ён адбудзецца ўжо вясной 2011 года.

Как вам новость?
Головоломки