Лукашэнка дазволіў адправіць беларускіх міратворцаў у Ліван

03.08.2010 08:55
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб накіраванні беларускіх вайскоўцаў для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі ў Ліванскай Рэспубліцы. Згодна з дакументам у Ліван адправяцца 9 ваеннаслужачых Узброеных сіл Беларусі, якія ўвойдуць у склад Часовых сіл Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Беларускія вайскоўцы прымуць удзел у місіі ААН у якасці афіцэраў штаба місіі, лекараў шпіталя, а таксама спецыялістаў па ваенна-грамадзянскім узаемадзеянні. Яны будуць ажыццяўляць інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці місіі, аказваць медыцынскую дапамогу міратворцам, ажыццяўляць узаемадзеянне Часовых сіл з грамадзянскім насельніцтвам і грамадскімі арганізацыямі.

Рашэнне аб накіраванні беларускіх спецыялістаў прынята на падставе абавязанняў Беларусі, якія вынікаюць з далучэння рэспублікі ў 2001 годзе да сістэмы рэзервовых пагадненняў ААН, што рэгулююць удзел дзяржаў-членаў Арганізацыі ў міратворчай дзейнасці, а таксама ў адпаведнасці з законам ад 29 лістапада 2003 года № 254-З «Аб парадку накіравання ваеннаслужачых, асобаў начальніцкага і шараговага складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх працаўнікоў, грамадзянскага персаналу за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі».

Падрыхтоўка беларускіх міратворцаў праводзілася ў строгай адпаведнасці з прынцыпамі добраахвотнасці ўдзелу, прававой і сацыяльнай абароненасці міратворцаў, усебаковага матэрыяльнага і тэхнічнага забеспячэння, адзначылі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

«Выкананне дадзенага ўказу пацвердзіць прыхільнасць Беларусі да справы ўмацавання міжнароднага міру пад эгідай ААН і ў адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права, а таксама дазволіць узмацніць пазіцыі краіны на міжнароднай арэне, стварыць новыя механізмы для рэалізацыі яе знешнепалітычных інтарэсаў», — заявілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.

Как вам новость?
Головоломки