Лукашэнка: дэпутатам мясцовых саветаў трэба многа працаваць

26.04.2010 13:08
Архив Редакция

Мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі недастаткова кантактуюць з народам. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 красавіка, беручы ўдзел у галасаванні на ўчастку №1 Вяснянскай выбарчай акругі №39. "Я асабіста хацеў бы, каб пасля гэтых выбараў сітуацыя кардынальна памянялася. Мясцовыя саветы павінны працаваць з насельніцтвам, вельмі многа працаваць", — сказаў прэзідэнт.

«Трэба мець на ўвазе, што нашай Канстытуцыяй абсалютна дакладна абумоўлены функцыі і паўнамоцтвы ўсіх органаў улады. Будзем казаць адкрыта: каму больш дадзена, з тых больш і пытаецца, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. — Каму ў нас больш за ўсё паўнамоцтваў дадзена? Вядома, прэзідэнту, з яго і больш спытаецца. Затым у нас ідуць органы трох галін улады. Ім таксама нямала дадзена, і з іх спытаецца значна, асабліва з урада».

Па словах беларускага лідара, мясцовыя саветы ў краіне з’яўляюцца толькі прадстаўнічым органам улады. «Яны не фармуюць нават выканкамы, не прызначаюць, а толькі ўзгадняюць кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.

Прэзідэнт нагадаў таксама пра свае неаднаразовыя выказванні аб тым, што саветы ў Беларусі, нароўні з прафсаюзамі і іншымі грамадскімі арганізацыямі, з’яўляюцца «тымі слупамі, на якіх трымаецца грамадскае жыццё».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кандыдатам у любым выпадку трэба выконваць тое, што яны абяцалі сваім выбаршчыкам. «Гаспадарамі ў сваіх раёнах саветы па нашым заканадаўстве наўрад ці могуць быць. У іх не тая функцыя. Але яны разам з выканаўчай уладай нясуць гэтую ношу, гэтую адказнасць, і ўжо разам з імі яны павінны станавіцца гаспадарамі той ці іншай тэрыторыі», — сказаў прэзідэнт.

«Таму я б вельмі прасіў, каб мы не вельмі патрабавалі з мясцовых саветаў  дэпутатаў рашэнняў тых пытанняў, за якія яны не нясуць адказнасці і на якія ў іх няма нават паўнамоцтваў, сіл, сродкаў і г.д.», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки