Лукашэнка: дырэктыва № 4 не павінна "патануць" у кучы папер

27.01.2011 16:13
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада ў самыя кароткія тэрміны рэалізаваць пастаўленыя дырэктывай № 4 задачы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 27 студзеня, выступаючы ў беларускім парламенце. "Адна з першачарговых задач урада — арганізаваць працу так, каб усё, што вызначана ў дырэктыве № 4, у самыя кароткія тэрміны было ўвасоблена ў жыццё", — сказаў ён, дадаўшы, што "дырэктыва № 4 не павінна" патануць "у кучы папер — розных канцэпцый, планаў і мерапрыемстваў". 

«Хопіць стратэгій і праграм, трэба заняцца канкрэтнай справай і выканаць хоць бы тыя праграмы, якія мы вызначылі, гэтага будзе дастаткова на гэтую пяцігодку», — цытуе беларускага лідара БелТА.

Пры гэтым прэзідэнт нагадаў, што «адной з галоўных задач з’яўляецца прыняцце сур’ёзных мераў па разняволенні дзелавой ініцыятывы, далейшай лібералізацыі эканомікі, стварэнні больш спрыяльнага бізнэс-клімату ў Беларусі». «Сістэмныя патрабаванні ў гэтай галіне да ўсіх дзяржорганаў, арганізацыяў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзянаў выкладзены ў дырэктыве № 4. Яны простыя, зразумелыя — гэта развіццё добрасумленнай канкурэнцыі сярод суб’ектаў гаспадарання незалежна ад формы ўласнасці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дырэктыва прадугледжвае таксама меры па абароне прыватнай уласнасці, стварэнне ўмоў для бесперашкоднага ажыццяўлення прадпрымальніцтва.

«Выпадкі, калі чапаюць прыватную уласнасць, павінны быць адзінкавымі і абгрунтаванымі. Калі хочаш працаваць, займацца прадпрымальніцтвам — добра. Магчымасці ёсць, людзі ёсць, грошы ёсць — добра. Рабіць будзеш прадукцыю, якая патрэбна нашай дзяржаве і якая была б экспартаарыентаванай, — вельмі добра. Ідзі на працягу сутак зарэгіструйся і пачынай свой бізнэс, мы цябе падтрымаем. Вось гэта і ёсць дырэктыва № 4», — сказаў беларускі лідар.

Лукашэнка: любое парушэнне кантралёрамі сваіх функцый будзе карацца бязлітасна

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што многія крыўдзяцца, скардзяцца, «што кантралёры кагосьці задушылі». У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе рашэнні па сістэматызацыі кантрольнай дзейнасці ў краіне прынятыя. «Немагчыма, каб нейкі інспектар ішоў міма кіёска, па ўласнай волі зайшоў туды і пачаў тармасіць. У нас гэта немагчыма і недапушчальна заканадаўча. Любое парушэнне кантралёрамі сваіх функцый будзе карацца бязлітасна», — заявіў прэзідэнт.

«Аднак па-за кантролем не будзе працаваць ні адно прадпрыемства», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Па-за кантроем не можа быць ні адно прадпрыемства, аднак калі парушыў закон — будзеш адказваць», — дадаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ў ЗША, напрыклад, нявыплата падаткаў — адно з самых страшных злачынстваў, якое прыраўноўваецца да забойства. «Таму давайце жыць па цывілізаваных законах — працуйце сумленна, плаціце падаткі. Усё, што ваша — ніхто да вас у кішэню залазіць не будзе», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што ў Беларусі будуць прымацца меры па ліквідацыі залішняга рэгулявання рынку працы. Будзе развівацца дзяржаўна-прыватнае партнёрства, адзначыў прэзідэнт. «Чацвёртая дырэктыва — гэта не дэкларацыя аб намерах, а кіраўніцтва да дзеянняў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ўсе мерапрыемствы і меры дырэктывы «павінны даць магчымасць чалавеку свабодна працаваць на карысць сабе, сваёй сям’і, сваім работнікам і краіне, атрымліваць годныя дывідэнды і прыносіць карысць дзяржаве».

Лукашэнка: дзяржава хоча мець дывідэнды ад падтрымкі прадпрымальніцтва

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржава, аказваючы падтрымку развіццю прадпрымальніцтва, хоча мець ад гэтага дывідэнды. «Калі прадпрымальнікі бачаць у дырэктыве № 4 зніжэнне падаткаў, поўную свабоду — «што хачу, то варачу» — то гэтага не будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы, перадае БелаПАН.

Беларускі лідар падкрэсліў, што дырэктыва накіравана на атрыманне прадпрымальнікамі «годных дывідэндаў». «Але каб дзяржава, якая падтрымлівае прадпрымальнікаў, таксама мела дывідэнды», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што дырэктыва накіравана на развіццё добрасумленнай канкурэнцыі суб’ектаў гаспадарання, незалежна ад формы ўласнасці, а таксама на абарону прыватнай уласнасці. «Ты стварыў, і ніхто не можа ў цябе гэта забраць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки