Лукашэнка гатовы "забыць усё" ў стасунках з Расіяй

20.04.2010 17:52
Архив Редакция

Урады Беларусі і Расіі павінны вярнуцца да звычайнага супрацоўніцтва і будаваць двухбаковыя адносіны па-партнёрску. Такую заяву зрабіў 20 красавіка Аляксандр Лукашэнка ў сваім пасланні да парламента і народа. "Мы гатовыя забыць ўсё, перавярнуць старонку і, будуючы нашы адносіны, засноўвацца на нашых асновах", — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не жадае канфрантацыі з Расіяй. «І сёння не позна вярнуцца на тыя прынцыпы, па якіх будаваўся наш Саюз, таму што далёка мы не сышлі і гэта актуальна ў 65-годдзе перамогі над фашызмам», — сказаў беларускі лідар, перадае БЕЛТА.

Па словах кіраўніка дзяржавы, народы Беларусі і Расіі адзіныя і павінны дзейнічаць разам. «Расія, страціўшы Беларусь, страціць канчаткова свой прыцягальны статус і від. Ніхто ніколі Расіі больш не паверыць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Мытны саюз павінен прытрымлівацца духу ўзятых абавязкаў

Закранаючы тэму Мытнага саюзу Беларусі, Расіі і Казахстана, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што яго паўнавартаснае функцыянаванне магчыма толькі пры адсутнасці розных выключэнняў і абмежаванняў.

«У гэтым пытанні пазіцыя Беларусі вельмі выразная: сваю жыццяздольнасць дакажа толькі такі саюз, які будзе заснаваны на раўнапраўі, уліку інтарэсаў партнёраў, які будзе прытрымлівацца літары і духу ўзятых абавязкаў, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Тады да гэтага саюзу падцягнуцца іншыя краіны рэгіёну, з ім будуць лічыцца ў свеце».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён чакае, што паўнавартасная праца Мытнага саюзу скасуе ўсе бар’еры ў гандлі паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі, дасць імпульс для развіцця нацыянальных эканомік і росту дабрабыту грамадзян.

«Але гэта магчыма толькі пры ўмове, што функцыянаванне саюзу не будзе суправаджацца рознымі выключэннямі і абмежаваннямі», яшчэ раз паўтарыў прэзідэнт.

Лукашэнка: Беларусь гатовая да адкрытай гутаркі з Еўрасаюзам

Выступаючы ў парламенце, кіраўнік краіны таксама адзначыў, што Беларусь са свайго боку гатовая «да самай адкрытай размовы па ўсіх пытаннях, якія цікавяць нашых партнёраў». Па словах прэзідэнта, закрытых тэмаў з Еўрасаюзам не будзе.

«Аднак мы разлічваем, што гэтая размова будзе аб’ектыўнай, з узаемнай павагай бакоў, шчырай, без падвойных стандартаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што апошнім часам Беларусі атрымалася вывесці «на якасна новы ўзровень» стасункаў з ЕС. «Наша канструктыўная і паслядоўная пазіцыя не засталася без адказу: Еўропа ўсвядоміла бесперспектыўнасць ранейшых падыходаў да Беларусі. Дыктат і ціск саступаюць месца адкрытаму і прадметнаму дыялогу. І нам прыемна, што піянерамі падобнага разумнага падыходу з’яўляюцца такія магутныя краіны Еўропы, як Германія, Францыя, Італія і іншыя», — заявіў прэзідэнт.

«Цешыць, што ў свядомасці еўрапейскіх элітаў адбываецца адмаўленне ілжывых стэрэатыпаў, якія сфармаваліся ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Цешыць, што Еўропа разумее, што Беларусь — гэта востраў стабільнасці і бяспекі».

Па словах беларускага лідара, беларускі бок ніколі не хаваў сваёй зацікаўленасці ў больш энергічным і ўсеабдымным працэсе збліжэння з Еўропай. «Бо гэта наш другі па велічыні, а па шэрагу пазіцый асноўны гандлёвы партнёр. Акрамя таго, у нас ёсць цэлы шэраг самых сур’ёзных праблем і пытанняў, якія доўгі час знаходзіліся ў замарожаным стане. Іх рашэння з нецярпеннем чакаюць нашы народы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Па словах прэзідэнта, найбольш важнае з іх — спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. «Каб беларусы не сутыкаліся са штучнымі бар’ерамі і фармальнасцямі пры перасячэнні мяжы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што Беларусь вітае ініцыятыву ЕС «Усходняе партнёрства», закліканую стварыць умовы для маштабнага ўцягвання шэрагу краін, у тым ліку Беларусі, у агульнаеўрапейскія працэсы.

Лукашэнка: Беларусь скіравана на нармалізацыю стсункаў з ЗША

Закранаючы тэму стасункаў паміж ЗША і Беларуссю, кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларускі бок захоўвае скіраванасць на поўнамаштабную нармалізацыю адносінаў з ЗША.

«У гэтым зацікаўлены як Мінска, так і Вашынгтона. У нас дастаткова сфераў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, ёсць кропкі судатыкання інтарэсаў. І сёння мы прапануем адміністрацыі Барака Абамы, першыя крокі якой усяляюць аптымізм у свеце, наладзіць узаемадзеянне па самым шырокім спектры пытанняў. Мы настроеныя на канструктыў», — сказаў беларускі лідар.

«Кантакты з амерыканскімі прадстаўнікамі, у тым ліку мая сустрэча з дэлегацыяй Кангрэса ЗША, сведчаць пра ўзаемную зацікаўленасць у гэтым, — сказаў прэзідэнт. — Аднак цывілізаваны, сапраўды эфектыўны дыялог наўрад ці магчымы ва ўмовах, калі адзін з бакоў знаходзіцца пад адкрытым ціскам».

«Добра, што гэта разумеюць перадусім прадстаўнікі амерыканскага бізнэсу. Менавіта ў падобным ключы выказваліся кіраўнікі шэрагу вядучых кампаній ЗША падчас маёй нядаўняй сустрэчы з імі. Дарэчы, іх наша краіна нічым не палохае і не адштурхоўвае», — заявіў беларускі лідар.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Вашынгтон дыскрымінацыйна не запрасіў Беларусь да ўдзелу ў саміце па ядзернай бяспецы.

«Мы не станцавалі пад дудку амерыканцаў і — што дзіўна — Расіі. Маўляў, аддайце высокаўзбагачаны ўран. Я сказаў: я нічога не аддаю — гэта не мой, гэта здабытак народа, пад кантролем МАГАТЭ, ад якога мы нічога не хаваем. І як да мяне даходзіць, Расія супакойвае ЗША: не хвалюйся, мы адтуль гэты ўран вывезем. Павінен сказаць, ні Расія, ні хтосьці іншы не зможа зрабіць гэтага без нашай згоды. Мы гатовыя сесці за стол і весці перамовы. Пытанне не ў грошах, не ў нафце і газе. Проста мы — народ, і тое, што ў нас ёсць, — наша», — сказаў кіраўнік краіны.

Как вам новость?
Головоломки