Лукашэнка: краіны G8 не здольныя вырашыць глабальныя праблемы

17.03.2010 09:56
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 16 сакавіка ў Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы, заявіў што цяперашняя сістэма міжнародных адносін па-ранейшаму адрозніваецца незбалансаванасцю. "Усе мы бачым, што ніводная супердзяржава, ні вузкае кола краін "Вялікай васьмёркі" не здольныя эфектыўна і на карысць усёй сусветнай супольнасці вырашыць вострыя глабальныя праблемы", — сказаў прэзідэнт.

Беларускі лідар лічыць, што падчас вырашэння глабальных праблем «на прынцыпах справядлівасці і раўнапраўя вядучую ролю павінна гуляць Арганізацыя Аб’яднаных Нацый як самая прадстаўнічая міжнародная структура». «Складанасць і шматпланавасць сучасных пагроз патрабуе актыўнага выкарыстання ўсіх наяўных магчымасцяў для супрацоўніцтва», — перакананы Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Нажаль, шэраг дзяржаў з ахвотай гуляюць на міжнароднай арэне па імі ж прыдуманых, але аб’ектыўна састарэлых правілах, у аснове якіх — імкненне навязаць сваю волю і стэрэатыпы разумення правоў чалавека, дэмакратыі і свабоды», — адзначыў прэзідэнт Беларусі.

Па словах беларускага лідара, гэта прыводзіць «да дыктату і манапалізму, што зусім не дапушчальна ў сучасных умовах». Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што аднапалярны свет, канцэнтрацыя «і злоўжыванні моцы сталі галоўнымі прычынамі сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. «Аднапалярны свет канчаткова даказаў безгрунтоўнасць і бесперспектыўнасць такой светабудовы», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што адзінай дакладнай прыладай «пераадолення новых небяспек з’яўляецца палітыка партнёрства». «Я заклікаю ўсе краіны незалежна ад сваіх палітычных арыенціраў і ідэалогіі аб’яднацца ў рашэнні найболей вострых праблем, такіх як голад, галеча, доступ да энергетычных рэсурсаў, гандаль людзьмі, распаўсюд наркотыкаў, ваенныя канфлікты, прыродныя і тэхнагенныя катаклізмы. Інакш, падкрэслю, пад пагрозу будзе пастаўлена выжыванне чалавецтва», — адзначыў прэзідэнт.

Лукашэнка: для Беларусі важныя трывалыя ўзаемавыгадныя сувязі з РФ і ЕС

Кажучы пра замежнапалітычныя прыярытэты Беларусі ў Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важна мець трывалыя ўзаемавыгадныя сувязі з Расіяй, Еўрасаюзам і дзяржавамі СНД.

«Менавіта ў развіцці канструктыўнага ўзаемадзеяння з партнёрамі на ўсходнім і заходнім кірунку мы бачым шанец на эфектыўнае выкарыстанне нашага выгоднага геаграфічнага становішча, транзітнага і прамысловага патэнцыялу», — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на эфектыўнае вырашэнне Беларуссю пытанняў, звязаных з бесперабойным транзітам расійскіх энерганосьбітаў у Еўропу. «Беларусь таксама надзейны і адказны партнёр Еўрасаюза ў галіне барацьбы са злачыннасцю, наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй і іншымі выклікамі трансмежнага характару», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах прэзідэнта, для Беларусі, гэтак жа як і для Венесуэлы, безумоўным прыярытэтам з’яўляецца развіццё адносін з бліжэйшымі суседзямі. «Беларусь, як і Венесуэла, — лідар рэгіянальнай інтэграцыі. Стварэнне з першага студзеня 2010 года Мытнага саюза паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам адзначыла якасна новы этап інтэграцыі ў гісторыі гэтых краін».

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь не адлучае сябе ад Еўропы, з якой мае агульную культурную і гістарычную спадчыну, эканамічныя інтарэсы, якія шмат у чым супадаюць. «У сутнасці, развіццё нашых адносін з еўрапейскімі суседзямі па такіх кірунках, як энергатранзіт, транспарт, міграцыя, палітычная стабільнасць, даўно перарасло лакальны двухбаковы фармат і выйшла на ўзровень агульнаеўрапейскага значэння», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка: Беларусь падзеліцца з Венесуэлай досведам стварэння сістэмнай абароны дзяржавы

Беларускі лідар таксама распавёў пра тое, што Беларусь прапанавала Венесуэле падзяліцца досведам стварэння сістэмнай абароны дзяржавы. «Мы прапанавалі вашаму прэзідэнту падзяліцца досведам стварэння сістэмнай абароны дзяржавы, і, калі на гэта будзе яго воля, мы зможам у самыя кароткія тэрміны гэта зрабіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«І вы зможаце спакойна жыць і дзеяць. Жыць і не думаць, ці будуць людзі, якія маюць вялікі ўплыў у свеце, сябраваць з вамі ці ствараць змовы супраць вас», — дадаў прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка: намаганні міжнароднай супольнасці не прыводзяць да вырашэння глабальных праблем

Прэзідэнт Беларусі таксама выказаў удзячнасць венесуэльскаму боку за падтрымку пры рэалізацыі беларускіх ініцыятыў у ААН. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што зусім нядаўна па ініцыятыве Беларусі і пры актыўнай падтрымцы Венесуэлы ў ААН была створана Група сяброў з 20 дзяржаў — чальцоў глабальнага партнёрства па барацьбе з гандлем людзьмі.

Беларускі лідар са шкадаваннем канстатаваў, што высілкі міжнароднай супольнасці не прыводзяць да рашэння гэтых праблем. «Прычына высокай актыўнасці, у тым ліку, наркабізнесу — паступленне велізарных сродкаў у гэту сферу са Злучаных Штатаў Амерыкі і шэрагу іншых развітых краін, якія з’яўляюцца асноўнымі спажыўцам наркатычных сродкаў», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки