Лукашэнка: лёс абвінавачаных па "справе 19 снежня" ў іх руках

20.01.2011 17:28
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 студзеня на нарадзе па ўнутрыпалітычных пытаннях заявіў, што лёс абвінавачаных у масавых беспарадках 19 снежня ў Мінску залежыць ад іх саміх. "У сувязі з тым, што ад нас патрабуюць, я хачу сказаць, што мы не крыважэрныя. І лёс тых, за якіх сёння заўзята змагаюцца ў Еўрапейскім саюзе, выключна ў іх руках", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Тут ні пры чым ні сілавыя структуры, ні прэзідэнт. Толькі ў іх руках. Хочуць быць у сьледчым ізалятары — хай там сядзяць. Хочуць быць са сваімі сем’ямі — гэта таксама ад іх залежыць. Гэта не праблема. Яна вырашаецца сёння следчымі органамі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што да абвінавачаных у арганізацыі масавых беспарадках у Мінску ёсць пытанні не толькі ў следчых органаў, але і ў «краіны ў цэлым». «Сядзець, як мышы пад венікам, у следчым ізалятары і думаць, што заўтра амерыканцы або еўрапейцы прыйдуць і вызваляць іх, бесперспектыўна», — цытуе кіраўніка дзяржавы БелТА.

Аляксандр Лукашэнка таксама запэўніў прадстаўнікоў Еўрасаюзу ў тым, што беларускія ўлады будуць дзейнічаць па еўрапейскіх стандартах, а ўнутрыпалітычныя рашэнні будуць прымаць выключна «на падставе канкрэтных фактаў і Канстытуцыі краіны». «Іншага не дадзена. Калі мы ўвесь час будзем на карысць палітыкі ламаць законы і Канстытуцыю, мы зламаем у найбліжэйшай будучыні краіну. Пра гэта кажа досвед многіх дзяржаў», — адзначыў прэзідэнт.

Лукашэнка: еўрапейцы вельмі заўзята ўзяліся абараняць «нашых адмарозкаў»

«Калі б еўрапейцам, якія так заўзята ўзяліся абараняць нашых адмарозкаў, іх лёсы былі цікавыя, калі б яны перажывалі толькі за іх, тут бы не было ніякіх праблемаў. Усё гэта робіцца для таго, каб гэтую праблему разгарнуць такім чынам, каб прадаць унутры ЕС і кожнай краіны. Што, сёння праблем у еўрапейцаў няма? Ёсць. У Еўрасаюза няма праблем? Вышэй за галаву. У амерыканцаў іх няма? Ёсць. Займайцеся сваімі праблемамі. Камусьці хочацца пагрэць рукі і паразмаўляць па ўсіх гэтых пытаннях. Мы не супраць іх абмяркоўваць і не супраць нават размаўляць. Але перш чым абмяркоўваць гэтыя пытанні, трэба дасканальна вывучыць сітуацыю, вывучыць факты», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы з упэўненасцю заявіў, што супраць Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў была арганізавана змова. «Спансавалі яе замежныя спецслужбы, а ролю выканаўцаў адвялі мясцовым адшчапенцам і жулікам ад палітыкі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: звяржэнне канстытуцыйнага ладу Беларусі планавалі ў Нямеччыне і Польшчы

«Вы, напэўна, звярнулі ўвагу, як люта атакуюць Беларусь немцы і палякі. Усё вельмі проста. Я вымушаны сёння сказаць аб тым, што ўсе праграмы і велізарная частка грошай ішлі з Германіі і Польшчы ці праз Нямеччыну і Польшчу. Там жа і пісаліся праграмы звяржэння канстытуцыйнага ладу. І гэта не выдумка спецслужбаў. Гэта паказанні тых, хто гэта арганізоўваў», — распавёў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што апублікаваныя ў СМІ матэрыялы следства — далёка не ўсе факты, якімі валодаюць улады. «Гэта яшчэ не канец. І людзі з разуменнем паставіліся да дзеянняў улады, якая рашуча абараніла парадак і дзяржаўнасць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: усе дзеянні КДБ і МУС я санкцыянаваў

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што ўсе дзеянні КДБ, МУС і іншых сілавых органаў былі ім ухваленыя. «Першым, хто абараняе суверэнітэт і незалежнасць краіны і тую сістэму, якая функцыянуе, з’яўляецца прэзідэнт. Ніякіх дзеянняў праваахоўныя органы не прадпрымалі, не робяць і не будуць прадпрымаць па навядзенні парадку ў краіне без санкцыі прэзідэнта», — сказаў беларускі лідар.

Как вам новость?