Лукашэнка ляціць ў Азербайджан па каспійскую нафту

02.06.2010 11:33
Архив Редакция

У сераду, другога чэрвеня, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адпраўляецца з афіцыйным візітам у Азербайджан. Пра гэта паведаміў на сустрэчы з прадстаўнікамі парламенцкай дэлегацыі Азербайджана спікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка.

«Закаўказзе — наш надзейны доўгачасовы партнёр і сябар, які нас заўсёды падтрымлівае. Тое ж самае можна сказаць аб адносінах Беларусі да Азербайджана», — сказаў старшыня ніжняй палаты беларускага парламенту, перадае БелТА. «Думаю, нашым узаемаадносінам будзе нададзены новы імпульс развіцця», — цытуе Уладзіміра Андрэйчанку БелаПАН.

«Нашы краіны даказалі бліжэйшым суседзям і сусветнай супольнасці, што мы можам не проста развівацца, але яшчэ і дапамагаць, і паказваць іншым краінам, як развіваць эканоміку, адносіны ўнутры дзяржаў», — адзначыў, у сваю чаргу, старшыня пастаяннай камісіі азербайджанскага парламенту па міжнародных адносінах і міжпарламенцкіх сувязях Самед Сеідаў.

Як чакаецца, на перамовах беларускага лідара з яго азербайджанскім калегам Ільхамам Альевым будуць абмяркоўвацца шляхі далейшай інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам, у тым ліку ў энергетычнай сферы.

Як раней перадаваў Тэлеграф, эксперты Азербайджанскай нафтавай кампаніі і беларускія спецыялісты абмяркоўваюць пытанні пастаўкі ў Беларусь каспійскай нафты. Аб гэтым 25 траўня ў ходзе прэс-канферэнцыі паведаміў надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Азербайджана ў Беларусі Алі Тэймурам аглы Нагіеў.

Дыпламат таксама адзначыў, што Азербайджан гатовы ўдзельнічаць у любых ўзаемавыгадных праектах па пастаўках энергарэсурсаў. «Тут ніякіх пытанняў няма. Трэба прыйсці да кропкі судотыку, якая будзе эканамічна выгадная абодвум краінам», — падкрэсліў Алі Тэймурам аглы Нагіеў.

Как вам новость?