Лукашэнка: малочнай галіне Беларусі інвестары не патрэбныя

18.06.2010 16:25
Архив

Беларусь не пойдзе масава па шляху прыцягнення замежных інвестараў у перапрацоўку малака. Пра гэта 18 чэрвеня падчас візіту на СТАА "Юнімілк Шклоў" заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Па словах кіраўніка дзяржавы, на тое ёсць "зразумелыя прычыны: у нас і сваіх прадпрыемстваў хапае".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тыя інвестары, якія ўжо ёсць у краіне, павінны забяспечваць максімальную глыбіню перапрацоўкі малака, перадае БелТА.

Звяртаючыся да аперацыйнага дырэктара расійскага прадпрыемства ААТ «Кампанія Юнімілк» Міхаіла Галуева, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што неабходна арыентавацца ў першую чаргу на глыбіню перапрацоўкі.

«Хачу, каб вы рабілі ўвесь спектр прадукцыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка Міхаілу Галуеву. — Вывозіць малако ў пачках — гэта добра, але гэта не тое, што нам трэба. Калі будзеце працаваць, як у сябе дома, і дбаць пра краіну, то атрымаеце поўную падтрымку і будзеце працаваць у такіх аб’ёмах, як захочаце».

Беларускі лідар адзначыў таксама, што кампанія «Юнімілк Шклоў» з’яўляецца свайго роду эксперыментальным праектам. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што «з перапрацоўкай малака праблемаў у Беларусі няма, тым больш што запатрабаванасць малочнай і сельскагаспадарчай прадукцыі ў цэлым на сусветным рынку толькі ўзрастае».