Лукашэнка: мы не "накатваем" на Пуціна, а шукаем іншыя нішы

30.03.2010 17:31
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па выніках афіцыйных візітаў у Венесуэлу і Бразілію заявіў, што ў Беларусі ў адносінах з урадам Расіі складаецца парадаксальная сітуацыя. "Цяпер будуць казаць тэзіс, што Лукашэнка зноў "накаціў" на Пуціна. Мы ні на каго не "накатваем", мы проста пачынаем шукаць іншыя нішы, дзе нас разумеюць і ўспрымаюць", — сказаў беларускі лідар.

Адкрываючы нараду, кіраўнік дзяржавы адразу адзначыў, што гаворка пойдзе пра нацыянальную бяспеку і незалежнасць краіны. «Так склалася сітуацыя пасля распаду СССР, што мы апынуліся ў сур’ёзнай залежнасці ад адной ці дзвюх краін па шматлікіх пазіцыях, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ішлі гады, і як ні спрабавалі мы выбудаваць раўнапраўныя адносіны ў Саюзнай дзяржаве, ЕўрАзЭС, СНД, усё больш і больш пачалі выяўляцца тэндэнцыі старэйшага і малодшага брата».

Па словах кіраўніка дзяржавы, у апошнія гады «праблемы з Расіяй узнікаюць, як той казаў, на роўным месцы і далёка не заўсёды вырашаюцца канструктыўна і хутка», перадае АФН.

«Не трэба ў нашых заявах і выступах казаць пра рускі народ, пра Расію. Расія занадта разнастайная, і той, хто кіне камень у рускага чалавека — будзе несумленным чалавекам. Іншая справа — тая пазіцыя, якую займае расійскі ўрад. І гэта не для таго, каб лішні раз зачапіць расійскі ўрад і прэм’ер-міністра Пуціна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар падкрэсліў, што «Беларусь цярпліва выбудоўвала і будзе выбудоўваць адносіны са сваім галоўным партнёрам, дзе жывуць нашы людзі, з якімі мы размаўляем на адной, рускай, мове». «Але, нажаль, у апошні час не ўсё атрымліваецца, ды і раней хапала праблем. Мы бачым, колькі праблем сёння не вырашаецца з-за суб’ектыўнай пазіцыі ўрада Расіі», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Таму, адзначыў кіраўнік дзяржавы, неабходна дыверсіфікаваць адносіны ў розных сферах — палітыцы, эканоміцы, дыпламатыі. «Ні расейцам, ні еўрапейцам не варта разглядаць нашы кантакты, тым больш некаторыя поспехі ў нейкіх кірунках у Лацінскай Амерыцы, Паўднёва-усходняй Азіі, Афрыцы, як нейкую катастрофу і адыход ад тых пазіцый, якіх мы прытрымваліся ўвесь час», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: на Расіі і Еўропе свет клінам не сышоўся

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што каля паўгоду назад «стала відавочнай небяспека залежнасці ад экспарту на адзін рынак». «Калі спачатку зачынілі пастаўкі па цукры, потым — па малацэ, потым паставілі нас у няроўныя ўмовы, увёўшы дадатковыя бар’еры ў гандлі нашай тэхнікай. Таму, прычынай таго, што мы шукаем новыя рынкі збыту, спрабуем гандляваць з новымі дзяржавамі, з’яўляецца ў тым ліку тая пазіцыя, якую заняла Расія ў гэты складаны час эканамічнага крызісу», — сказаў беларускі лідар, паведамляе БелТА.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок «падпісвае сур’ёзныя дакументы, дасягае маштабных дамоўленасцяў са сваім стратэгічным саюзнікам, але пры гэтым ніяк не атрымліваецца дамагчыся празрыстых і справядлівых умоў узаемнага гандлю».
 
«Больш за тое, нашы крокі па пашырэнні супрацоўніцтва суправаджаюцца саркастычнымі каментарамі з боку расійскага ўрада. Менавіта таму сёння як ніколі мы змушаны актыўна працаваць у любым, нават самым аддаленым, кутку свету, дзе можам разлічваць на прадказальныя і сумленныя ўмовы ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязяў. На Расіі і Еўропе свет клінам не сышоўся, трэба выходзіць у іншыя рэгіёны і дзяржавы са сваёй прадукцыяй і праектамі», — сказаў беларускі лідар.

Как вам новость?
Головоломки