Лукашэнка расказаў Грыбаўскайце аб "неспрыяльных умовах"

20.10.2010 13:47
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы ў Мінску з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце прапанаваў развіваць паміж дзвюма краінамі супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі. "Мы знаходзімся ў неспрыяльных умовах, і нам трэба думаць пра тое, як забяспечыць сваю незалежнасць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым беларускі лідар адзначыў, што ў Беларусі і Літвы добрыя перспектывы супрацоўніцтва, асабліва ў энергетычнай сферы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, шмат што можна вырашыць, дамовіўшыся з балтыйскімі краінамі. «Нам хацелася б, каб мы дамовіліся з Літвой. Мы адкрытыя для перамоваў», — цытуе прэзідэнта Беларусі БелТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў таксама, што мае намер абмеркаваць са сваёй літоўскай калегай цэлы спектр пытанняў, якія назапасіліся і патрабуюць рашэння. Што тычыцца палітычнага супрацоўніцтва, то беларускі лідар мае намер закрануць пытанні ўзаемадзеянняў ў рамках еўрапейскай ініцыятывы «Усходняе партнёрства», пачуць меркаванне сваёй калегі, у якім напрамку будзе развівацца гэтае супрацоўніцтва, ці яно «застанецца ў замарожаным стане».

«Вы член Еўрасаюза, гэта накладвае адбітак на нашу сустрэчу. Думаю, вы парэкамендуеце нейкія напрамкі дзейнасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Далі Грыбаўскайце.

Грыбаўскайце: Літва хоча дапамагчы Беларусі быць больш адкрытай і прызнанай у Еўропе

У сваю чаргу, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце сказала пра тое, што літоўскі бок зацікаўлены ў паляпшэнні і інтэнсіфікацыі адносін з Беларуссю. «Мы суседзі, але не толькі. Літва з’яўляецца членам ЕС і ў наступным годзе будзе старшынстваваць у АБСЕ. У гэтых рамках мы хочам дапамагчы Беларусі, быць побач падчас выбараў. Мы хочам дапамагчы быць больш адкрытай і прызнанай у Еўропе», — заявіла прэзідэнт Літвы.

Гаворачы аб двухбаковых адносінах, Даля Грыбаўскайце адзначыла зацікаўленасць Літвы ў развіцці эканамічных адносін, далейшай рэалізацыі праектаў у сферы энергетыкі. У тым ліку яна выказала гатоўнасць Літвы «старацца дапамагчы выкарыстоўваць палітыку Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі як мага больш інтэнсіўна і больш адкрыта».

Па словах прэзідэнта Літвы, у гэтым сэнсе літоўскі бок гатовы супрацоўнічаць, абараняць інтарэсы Беларусі ў Еўрапейскім саюзе настолькі, наколькі Беларусь будзе гэтага сама хацець.

Лукашэнка: Беларусь і Літва могуць выйсці на таваразварот у мільярд даляраў

Між тым, падчас сустрэчы са сваёй літоўскай калегай, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Літва дэманструюць добрую дынаміку таваразвароту, што можа даць магчымасць выйсці ў 2011 годзе на мільярд даляраў.

«У бакоў ёсць добрая база для перамоваў. Няўхільна расце таваразварот паміж дзвюма краінамі, у наступным годзе рэальна выйсці на аб’ём гандлю ў мільярд даляраў. Гэта вельмі добрая база і добрыя перспектывы для супрацоўніцтва», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да Далі Грыбаўскайце, выказаў надзею, што сёння ўдасца дамовіцца аб важным пагадненні, якое палегчыць зносіны людзей дзвюх краін. «Хачу адзначыць, што вы цвёрда трымаеце слова: вы паабяцалі быць у Беларусі з нагоды важных пагадненняў, падзей», — сказаў беларускі лідар.

Как вам новость?
Головоломки