Лукашэнка: мы "праспалі ў шапку" працу з Венесуэлай

30.03.2010 17:43
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па выніках афіцыйных візітаў у Венесуэлу і Бразілію запатрабаваў актывізаваць працу па развіцці супрацоўніцтва з краінамі розных рэгіёнаў свету. Кажучы пра поспехі ў развіцці адносін з Венесуэлай, кіраўнік дзяржавы сказаў, што "ўзнікае слушнае пытанне, чаму мы спалі ў шапку і не пачалі працаваць з Венесуэлай раней?"

«Чаму дагэтуль Беларусь не выходзіць на іншыя дзяржавы гэтага рэгіёна, дзе нас чакаюць?» — задаўся пытаннем беларускі лідар, і дадаў, што выснова простыя — «недапушчальная пасіўнасць», паведамляе БелТА.

«Таму зараз нам трэба разгортвацца і арыентавацца як мага хутчэй і эфектыўней, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я папярэджваю, што не патрываю якіхсьці нараканняў на якасць беларускай прадукцыі. Гэта пытанні прэстыжу краіны. Ва ўсталяваныя тэрміны і пры высокай якасці павінны рэалізоўвацца і ўсе сумесныя праекты».

Разам з тым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што «на Венесуэле Лацінская Амерыка не скончваецца» і трэба ісці далей, углыб кантынента, засвойваць новыя перспектыўныя рынкі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасці, гэта тычыцца Бразіліі.

Лукашэнка не бачыць «годных прапаноў» па развіцці бразільскага вектару вонкавай палітыкі

Прэзідэнт Беларусі адзначыў відавочныя недапрацоўкі ў наладжванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Бразіліяй. «Забяспечылі экспарт двума-трыма высокаліквіднымі таварамі і супакоіліся. Каліем і шынамі можна гандляваць, не выязджаючы за межы МКАД», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, пра недапрацоўкі ў гэтым плане кажа і адсутнасць у Бразіліі паўнавартаснага прадстаўніцтва, без чаго немагчыма развіваць маштабныя адносіны. «А дзе былі ўрады і МЗС усе гэтыя гады? Я не бачу годных прапаноў па развіцці бразільскага вектару вонкавай палітыкі», — сказаў прэзідэнт.

«Гэта парадокс, што ў нас ёсць амбасада ў такой параўнальна невялікай па памерах краіне, як Куба, і ў Аргентыне, з якой у нас маленькі гандлёвы зварот, а ў Бразіліі дыппрадстаўніцтва адсутнічае», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Зыходзячы з сітуацыі, якая склалася, беларускі лідар запатрабаваў самым сур’ёзным чынам прааналізаваць усе магчымыя кірункі супрацоўніцтва з Бразіліяй, выпрацаваць канкрэтныя і эфектыўныя падыходы да рэалізацыі вызначаных планаў. «Не замацуемся мы на гэтым рынку сёння, заўтра ж нашы канкурэнты выб’юць нас, не пакінуць каменя на камені ад нашых праектаў і ніякіх перспектыў. Трэба проста падкасаць рукавы і пачаць працаваць па-сапраўднаму, як мы пачыналі ў Венесуэле», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: у нас зусім чужая невядомая Афрыка

Закранаючы супрацоўніцтва з такімі краінамі, як Бразілія і Аргентына, прэзідэнт Беларусі адзначыў, што там трэба «ўчапіцца па трох-чатырох кірункам, патрэбных для гэтых дзяржаў, каб не згубіцца на гэтых велізарных абшарах». «Беларусі трэба развіваць супрацоўніцтва і з іншымі дзяржавамі рэгіёна, такімі як Куба, Балівія, Нікарагуа, выкарыстоўваючы пры гэтым рынак Венесуэлы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Такога ж падыходу, па меркаванні Аляксандра Лукашэнка, неабходна прытрымвацца і ў развіцці кантактаў з краінамі Паўднёва-усходняй Азіі, абапіраючыся на наяўныя добрыя адносіны з В’етнамам і Кітаем. Па словах прэзідэнта, асобнай увагі патрабуе пытанне пашырэння супрацоўніцтва з Індыяй, узаемавыгаднымі павінны стаць кантакты з краінамі Персідскага заліва.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму развіцця адносін з афрыканскімі краінамі. «Я ўжо пра гэта не раз казаў ураду і МЗС: у нас зусім чужая невядомая Афрыка. Развіццё супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі вельмі перспектыўна для Беларусі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка будзе асабіста кантраляваць пастаўкі нафты з Венесуэлы

На нарадзе па выніках афіцыйных візітаў у Венесуэлу і Бразілію прэзідэнт Беларусі таксама паведаміў пра тое, што асабіста пракантралюе рэалізацыю дасягнутых падчас візіту ў Венесуэлу і Бразілію дамоўленасцяў. «Я асабіста бяру на кантроль усе пазіцыі, па якіх мы проста размаўлялі, не тое што дамаўляліся, а размаўлялі ў Венесуэле, Бразіліі і наогул у Лацінскай Амерыцы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах беларускага лідара, усе дамоўленасці пустымі фразамі не застануцца, і патрабаванні па эфектыўнай іх рэалізацыі будуць прад’яўляцца да кожнага асабіста. «Я кожнага спытаю, колькі за гэты год пасля візіту прадалі тэхнікі, колькі стварылі сумесных вытворчасцяў», — падкрэсліў прэзідэнт, дадаўшы, што папярэднія вынікі гэтай працы будуць падведзены ўжо ўвосень гэтага года падчас візіту прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса ў Беларусь.

Улічваючы тое, што ў беларускіх прадпрыемстваў на венесуэльскай тэрыторыі яшчэ не наладжаны сэрвіс, Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што «калі выйдзе з ладу трактар і будуць паўгады чакаць, дык такое супрацоўніцтва венесуэльцам з Беларуссю будзе не трэба». «Я патрабую якаснага выканання дасягнутых дамоўленасцяў. Неабходна ўлічваць, што Беларусь працуе ў Венесуэле не задарма, а атрымлівае за гэта грошы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?