Лукашэнка: мы разам з В'етнамам прайшлі цяжкую вайну

13.05.2010 14:27
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка 13 траўня сустрэўся ў Мінску з прэзідэнтам В'етнама Нгуен Мінь Чыетам, які прыбыў у Беларусь з афіцыйным пяцідзённым візітам. "Мы разам прайшлі цяжкую вайну, якая разгарнулася на вашай зямлі, і прыемна, што і ў той вайне мы перамаглі", — сказаў прэзідэнт Беларусі.

«В’етнам — абсалютна зразумелая для нас краіна, нам добра знаёмы в’етнамскі народ, многія дзесяцігоддзі нас злучае цеснае сяброўства, — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА. — Нашы пункты гледжання, погляды і дзеянні на міжнароднай арэне супадаюць і цесна каардынуюцца. Мы дзейнічаем у адным ключы».
«Мы ніколі не хавалі, што мы разлічваем на вашу падтрымку ў Паўднёва-усходняй Азіі, у той жа час вы можаце разлічваць на нашу падтрымку ў Еўропе», — адзначыў прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што за час цяперашняга візіту прэзідэнта В’етнама, якога суправаджае прадстаўнічая дэлегацыя, у тым ліку кіраўнікі буйных бізнэс-карпарацый, краіны «змогуць дасягнуць вельмі сур’ёзных і пазітыўных зрухаў у адносінах».
В’етнам прапанаваў Беларусі разам змагацца з «ілжывым меркаваннем у дачыненні да правоў чалавека» 
Прэзідэнт В’етнама ініцыяваў абмеркаванне на перамовах чатырох асноўных блокаў пытанняў. Для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Нгуен Мінь Чыет прапанаваў разгледзець магчымасць падпісання дамовы пра зону вольнага гандлю паміж Беларуссю і В’етнамам. Таксама ў ліку прапановаў в’етнамскага боку названы ўзмацненне ўзаемадзеяння ў сферы абароны і ваенна-тэхнічнай вобласці, на міжнароднай арэне, супрацоўніцтва ў барацьбе з ілжывым меркаваннем у дачыненні да правоў чалавека ў краінах.
«Візіт праходзіць у той важны перыяд, калі беларускі народ разам з прагрэсіўным чалавецтвам святкуе 65-годдзе Перамогі над фашызмам, — сказаў Нгуен Мінь Чыет. — Мы высока ацэньваем самаахвярнасць і гераічнасць беларускага народа ў барацьбе за выратаванне чалавецтва ад фашызму. Перамога стварыла ўмовы, каб усе народы змагаліся за сваю незалежнасць, у тым ліку і ў В’етнаме».

Как вам новость?