Лукашэнка: мы з Мядзведзевым і не сварыліся

10.12.2010 16:57
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абвергнуў чуткі аб тым, што адносіны з яго расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым сапсаваліся. Пра гэта беларускі лідар заявіў 10 снежня журналістам пасля заканчэння саміту АДКБ у Маскве. "Мы з Мядзведзевым і не сварыліся", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Я яшчэ ў Мінску казаў: дарма некаторыя паціраюць рукі за спінамі прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, радуючыся. Як нечакана нашы адносіны сапсаваліся — так нечакана для многіх яны і нармалізуюцца. Мы стрымалі сваё слова. Для вас гэта была нечаканасць, для нас — не», — цытуе кіраўніка дзяржавы БелТА.

«Вялася вельмі напружаная праца над тым, каб прыйсці да тых пагадненнях, якія былі падпісаны напярэдадні ў Маскве», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым прэзідэнт Беларусі запэўніў: «Не хвалюйцеся: нават калі мы пасварымся — мы знойдзем час памірыцца».

Як ужо паведамляў Тэлеграф, 3 кастрычніка прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў у сваім відэаблогу абвінаваціў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ў тым, што той спрабуе зрабіць Расію адным з галоўных ворагаў сваёй краіны. Кіраўнік Крамля падкрэсліў, што беларускі лідар у сваіх выказваннях выходзіць далёка за рамкі не толькі дыпламатычных правілаў, але і элементарнай чалавечай прыстойнасці.

Раней прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў Маскву ў развязванні інфармацыйнай вайны супраць беларускіх уладаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Акрамя таго, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Наталля Цімакова заяўляла аб тым, што стасункі Крамля з дзейным прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам зайшлі ў тупік і ўжо не будуць ранейшымі. Паводле яе слоў, спробы беларускага лідара «ўехаць у новы тэрмін на антырасійскай тэматыцы не могуць спрыяць актывізацыі працэсу».

Как вам новость?
Головоломки