Лукашэнка і Мядзведзеў дамовіліся вырашыць спрэчныя пытанні

08.06.2010 08:37
Архив Редакция

Прэзідэнты Беларусі і Расіі абмеркавалі па тэлефоне пытанні падрыхтоўкі сустрэчы на вышэйшым узроўні, дамоўленасць аб якой была дасягнута раней. Як заявілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі, лідары дзвюх краін дамовіліся падрыхтаваць да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў "розныя кампрамісныя варыянты рашэння праблемаў, што стрымліваюць эфектыўнае функцыянаванне гэтага саюза і стварэнне АЭП".

Займацца падрыхтоўкай гэтых варыянтаў будуць віцэ-прэм’еры Беларусі і Расіі. У Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі адзначылі, што Аляксандр Лукашэнка і Дзмітры Мядзведзеў «аднолькава мяркуюць, што надыходзячая сустрэча павінна быць максімальна канкрэтнай і выніковай».

«Яна заклікана стаць важным імпульсам у развіцці інтэграцыйных працэсаў з удзелам нашых краін», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка беларускай дзяржавы.

«Падчас гутаркі вызначаны прыкладны пералік пытанняў, які плануецца абмеркаваць на гэтай сустрэчы. Так, чакаецца, што гаворка пойдзе пра функцыянаванне Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі, аб перспектывах стварэння адзінай эканамічнай прасторы трох краін. Акрамя гэтага плануецца абмеркаваць таксама шэраг іншых актуальных пытанняў парадку дня двухбаковага беларуска-расійскага супрацоўніцтва», — распавялі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у апошні час самым адчувальным пытаннем для Беларусі пры стварэнні Мытнага саюза з’яўляецца адмена уведзеных Расіяй з 2010 года экспартных пошлінаў на нафтапрадукты.

У канцы траўня прэм’ер-міністры Расіі і Казахстана з-за рознагалоссяў з Беларуссю дамовіліся запусціць Мытны саюз з першага ліпеня ў двухбаковым фармаце. Аднак праз некаторы час Мінск пагадзіўся прадоўжыць свой удзел у фармаванні МС з выняткамі па пэўных пытаннях, у тым ліку па пошлінах на нафтапрадукты і аўтамабілі.

Как вам новость?
Головоломки