Лукашэнка: мясцовыя ўлады плююць на праблемы вяскоўцаў

19.05.2010 10:39
Архив Редакция

Памяншэнне колькасці падсобных гаспадарак звязана не столькі з аб'ектыўнымі прычынамі, колькі з абыякавым, наплявальніцкім стаўленнем, у першую чаргу, з боку мясцовых уладаў да клопатаў людзей, якія вядуць падсобныя гаспадаркі. Пра гэта заявіў 18 траўня прэзідэнт Беларусі на нарадзе па пытаннях развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзянаў.

«Бо паглядзіце, колькі скаргаў і ў прэсе, і ў дзяржаўных органах на тое, што няма магчымасцяў гадаваць скаціну — ні пашаў, ні сенажацяў, ні нармальнай арганізацыі закупак малака і іншай прадукцыі. Людзі гатовыя ўкладваць сваю працу, аддаваць свой час карыснай справе, але ад нашага пачварнага стаўлення пакутуюць як самі сельскія працаўнікі, іх гаспадаркі, так і дзяржава ў цэлым», — цытуе Аляксандра Лукашэнка прэс-служба кіраўніка дзяржавы. 
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, бываючы ў рэгіёнах, часта «цікавіцца, як ідуць справы ў гэтай сферы, як мясцовыя ўлады клапоцяцца пра людзей, заўсёды накіроўвае іх на дапамогу ва ўборцы ўраджаю, арганізацыі закупкі прадукцыі, вылучэнні прыдатных зямельных участкаў і пашаў». 
«Ёсць гаспадаркі і раёны, дзе кіраўнікі разумеюць важнасць гэтай праблемы і падтрымліваюць людзей, аднак у большасці раёнаў не прымаюцца канкрэтныя і эфектыўныя меры ў гэтай сферы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Практычна ўсё кінута на самацёк, маўляў, выжывуць — дык выжывуць, а не — дык не, за прыватнікаў, здаецца, мы не адказваем. Так не пойдзе!».
Ломаць: вяскоўцы застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі
У сваю чаргу, кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць выступаючы на нарадзе адзначыў, што цяпер шмат у чым вяскоўцы засталіся сам-насам са сваёй гаспадаркай, са сваімі праблемамі. «Зацверджаныя ўрадам праграмы не працуюць, можна нават сказаць правалены. Мясцовыя кіраўнікі сельгасарганізацый кіруюць слаба, так, як ім уздумаецца», — дадаў старшыня КДК. 
Па словах Зянона Ломаця, неабходна забяспечыць рэальную эфектыўную падтрымку асабістым падсобным гаспадаркам. Аляксандр Лукашэнка згодзен з тым, што трэба, безумоўна, падтрымліваць развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі. 
«Але мы ведаем, што насельніцтва на сяле будзе памяншацца ў сілу аб’ектыўных прычынаў. Там столькі не трэба насельніцтва, як было раней, бо за апошні час сельская гаспадарка істотна механізавана. Але асабістыя падсобныя гаспадаркі ў нас ёсць і будуць. Іх няшмат. У асноўным, гэта сяляне, якія жывуць у сёлах. І тут галоўнае для нас — зрабіць так, каб захаваць гэтыя асабістыя падсобныя гаспадаркі». 
Лукашэнка: насельніцтва на вёсцы крыўдзіць нельга
Беларускі лідар таксама пагадзіўся з неабходнасцю распрацоўкі праграмы па падтрымцы і развіцці асабістых падсобных гаспадарак да 2015 года. Аднак, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што «гэта павінна быць вельмі зразумелая, даступная і кароткая праграма, дзе будзе вызначана яшчэ раз, што такая асабістая падсобная гаспадарка, якія ільготы, прывілеі і падтрымка, але ні ў якім разе не ўтрыманства». 
Па словах прэзідэнта, у дакуменце таксама будуць вызначаны адказныя за яе рэалізацыю — гэта кіраўнікі гаспадаркі, сельсавета і райвыканкама. «А як губернатар будзе ажыццяўляць кантроль — гэта яго справа», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Разам з гэтым, прэзідэнт запатрабаваў падысці да гэтай працы адказна, вызначыўшы ў ёй без празмернасцяў, што неабходна развіваць і як. «Але галоўнае — даць чалавеку магчымасць, каб ён займаўся зямлёй і штосьці вырабляў на ёй без усякай бюракратыі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар лічыць, што неабходна стымуляваць насельніцтва да імкнення мець уласны надзел зямлі, ствараць сядзібы, але пры гэтым не разлічваць на фінансаванне ўсіх выдаткаў з боку дзяржавы. 
Завяршаючы нараду, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта дэталёвая размова павінна стаць урокам для тых кіраўнікоў, хто слаба працаваў у кірунку асабістых падсобных гаспадарак. «Вы павінны зрабіць з гэтай размовы адпаведныя высновы. Насельніцтва на вёсцы крыўдзіць нельга! Асабістыя дапаможныя гаспадаркі сёння галоўным чынам утрымоўваюць тыя, хто знаходзіцца на пенсіі. Не такія яны ў нас былі багатыя і забяспечаныя ў мінулым, так давайце ім дапаможам хоць цяпер», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы. 

Как вам новость?
Головоломки