Лукашэнка: міліцыя засцерагла Беларусь ад бязладдзя і беззаконня

04.03.2011 12:50
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка павіншаваў супрацоўнікаў і ветэранаў органаў унутраных спраў з Днём міліцыі. "Разам мы захавалі і ўмацавалі мір і стабільнасць, засцераглі Айчыну ад бязладдзя і беззаконня. Ваша сіла — у еднасці з народам. Беларускія грамадзяне ўпэўнены, што заўсёды знойдуць у вас дапамогу і падтрымку", — сказаў ён.

«Ваша самаадданасць, высокая мера адказнасці і прафесіяналізм вызначаюць гатоўнасць органаў унутраных спраў эфектыўна забяспечваць правапарадак і грамадскую бяспеку, рэальна абараняць маёмасныя і сацыяльныя правы грамадзянаў, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь» — гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт падкрэсліў, што «дзяржава і грамадства высока цэняць ваш працу, адданасць Бацькаўшчыне, вернасць абавязку і закону». Ён таксама пажадаў поспехаў у дзейнасці, «моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту».

МУС: ветэраны супраць перайменавання міліцыі ў паліцыю

Як заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Алег Пякарскі, у бліжэйшыя 15-20 гадоў у Беларусі міліцыю ў паліцыю пераназываць не будуць. «Інакш нас проста не зразумеюць ветэраны, якія перажылі ўсе жахі вайны і тыя, хто пацярпеў ад паліцаяў», — адзначыў ён, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».

Разам з тым намеснік міністра пагадзіўся, што пасля разгону акцыі апазіцыі 19 снежня 2010 года ў краіне ўпаў імідж міліцыі. «Вядома, мы адсочваем сітуацыю, але любы грамадзянін павінен разумець, калі б 19 снежня міліцыя не прыняла меры да абароны канстытуцыйнага ладу, то гэта была б ужо не міліцыя. Думаю, што давер насельніцтва адразу б ўпаў. Наколькі падзеі 19 снежня паўплывалі на наш імідж, мы даведаемся пасля таго, як будуць праведзеныя чарговыя сацыялягічныя апытанні», — заявіў Алег Пякарскі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, старшыня магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў 3 сакавіка звярнуўся з заявай да міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатолю Куляшову з патрабаваннем звольніць з-за профнепрыдатнасці байцоў спецназа, збітых расійскімі грамадзянамі Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым.

Как вам новость?
Головоломки