Лукашэнка: Мінск мусіць стаць адным з найлепшых сусветных цэнтраў

29.06.2010 17:10
Архив Редакция

Мінск павінен ператварыцца ў адзін з найлепшых сучасных сусветных цэнтраў. Пра гэта 29 чэрвеня заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з актывам Мінску. "За апошнія гады Мінск радыкальна перамяніўся і зрабіўся адным з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Значны ўклад у развіццё сталіцы ўнёс Міхаіл Паўлаў, пакінуўшы добры след у летапісе слаўных справаў", — сказаў беларускі лідар.

«Сёння трэба ісці далей, яшчэ больш хуткімі тэмпамі, каб ператварыць Мінск у адзін з найлепшых сусветных цэнтраў як па ўмовах жыцця людзей, так і па іншых найважнейшых паказчыках. Справіцца з такой задачай не кожнаму кіраўніку па сілах. Таму я доўга прыглядаўся да Мікалая Аляксандравіча Ладуцькі», — цытуе прэзідэнта БелТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мікалай Ладуцька (новы мэр Мінску, да гэтага выконваў абавязкі старшыні Мінгарвыканкаму — Тэлеграф) значна «дадаў у працы, набіў гузакоў, але істотна вырас як кіраўнік, у крызісны для эканомікі перыяд утрымаў сітуацыю ў горадзе, не дапусціў істотных зрываў і правалаў у працы прамысловасці».

Адным з фактараў на карысць кандыдатуры новага мэра стала тое, што Мікалай Ладуцька — мінчук, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па словах прэзідэнта, кіраўніком Мінску павінен быць чалавек, які тут нарадзіўся, ведае гэты горад, дбае пра яго, думае, як усе мінчукі.

Лукашэнка запатрабаваў паскорыць вырашэнне праблемы падтапленняў у сталіцы

Акрамя таго, на нарадзе з актывам горада Мінску Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць паскорыць вырашэнне праблемы падтаплення асобных тэрыторый горада. «Не нармальна, што апошнім часам кожны моцны дождж ператвараецца для нас у стыхійнае бедства», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар таксама адзначыў, што ўсё большую вастрыню і незадаволенасць людзей выклікае транспартная сістэма. «Заторы на дарогах, перагружаныя аўтобусы, тралейбусы і трамваі, блытаніна з паркоўкамі транспарту, недахоп аўтастаянак і гаражоў — усё гэта патрабуе самай пільнай увагі мясцовых уладаў і аптымальнага рашэння праблемаў», — сказаў Аляксандар Лукашэнка і дадаў, што «яны самым непасрэдным чынам уплываюць як на ўмовы жыцця людзей, так і на аблічча сталіцы».

Как вам новость?
Головоломки