Лукашэнка: нам не трэба мноства дзяржпраграмаў і канцэпцый

17.01.2011 15:05
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў краіне ўжо дастаткова дзяржаўных праграмаў і канцэпцый і прыняцце некаторых новых падобных дакументаў немэтазгоднае. Па словах кіраўніка дзяржавы, ён сумняецца ў неабходнасці прыняцця і дзяржпраграмы "Моладзь Беларусі" на 2011-2015 гады, якая разглядалася на нарадзе 17 студзеня.

«Ніякіх праграмаў і ніякіх канцэпцый. Праграмы і канцэпцыі патрэбныя толькі тады і там, дзе мы пачынаем нешта новае, дзе трэба выразна і канцэптуальна вызначыцца, сканцэнтраваць сродкі. Бо мы захламляем працу самі сабе або проста робім выгляд, што добра працуем, спараджаючы праграмы», — цытуе беларускага лідара БелТА

«Ніякага фармалізму, пачынаючы са студзеня гэтага года, і надалей быць не павінна. Трэба пісаць і рабіць толькі тое, што нам трэба», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца праграмы «Моладзь Беларусі», прэзідэнт звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння з пытаннем, чаму яна неабходная. «Таму што ў нас чагосьці не хапае ці мы не ведаем, як ісці ў гэтым напрамку працы з моладдзю, ці мы штосьці не вызначылі ў рабоце з моладдзю, ці ў нас не хапае нейкіх структур, каб з моладдзю працаваць? Ці ж у прынятай на пяць гадоў праграме мы канцэптуальна і змястоўна не вызначылі, якім шляхам будзем ісці і як будзем дзейнічаць датычна моладзі? Па-мойму, гэта чыста рытарычныя пытанні», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Добра, гэта ў мінулым, можа быць мы не ведалі, як дзейнічаць, збіраліся, вызначаліся, мазгавую атаку арганізоўвалі на нейкія напрамкі дзейнасці. Але сёння ж усё зразумела. Таму паўстае пытанне: патрэбная нам гэтая праграма ці не патрэбная, што ў ёй новага ў параўнанні з тым, што мы ўжо робім на практыцы», — заявіў беларускі лідар і дадаў, што, на яго думку, гэтая праграма Беларусі зараз не патрэбна.

Как вам новость?