Лукашэнка: Назарбаеў заўсёды падтрымлівае беларускі народ

24.05.2011 15:23
Архив Редакция

Прэзідэнты Беларусі і Казахстана Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў на перамовах у вузкім складзе ў Астане абмяркоўваюць перспектывы развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін. "Я не мог не прыехаць да чалавека, які заўсёды падтрымліваў і падтрымлівае беларускі народ. У тыя снежаньскія дні вы былі першым, хто павіншаваў нас з вынікамі прэзідэнцкай кампаніі, хто працягнуў руку беларускаму народу", — заявіў падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі таксама павіншаваў Нурсултана Назарбаева з пераканаўчай перамогай на нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах. «Казахстанскі народ абраў чалавека, на якога мы разлічваем з пункту гледжання захавання пераемнасці адносін з Беларуссю», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Паводле слоў прэзідэнта Беларусі, абедзве краіны намецілі каля 30-ці праграм у мінулым годзе. «Настаў час паглядзець гэтыя праграмы, калі неабходна — прарэвізаваць, дадаць новыя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў, звяртаючыся да прэзідэнта Беларусі, сказаў: «Вы своечасова да нас прыбылі. У 2009 годзе мы прынялі «Дарожную карту» (двухбаковага супрацоўніцтва) і разгарнулі актыўнае супрацоўніцтва, якое неабходна далей развіваць».

Прэзідэнт Казахстана таксама адзначыў значна ўзрослы таваразварот паміж дзвюма краінамі, асабліва за апошнія два гады. «Паспяхова ідзе зборка тэхнікі на сумесных прадпрыемствах. Гэта гаворыць аб тым, што мы на правільным шляху і ваш візіт надасць яшчэ большы імпульс супрацоўніцтву. Будзем дамаўляцца аб новых праектах», — адзначыў казахстанскі лідар.

Как вам новость?