Лукашэнка не дасць апазіцыі "разарваць" краіну

06.12.2010 17:08
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да сваіх палітычных апанентаў з трыбуны Усебеларускага народнага сходу заявіў: "Краіну вы не атрымаеце". "На плошчу вы выйдзеце, яшчэ кудысьці... Краіну вы не атрымаеце. Мы не дамо вам яе разарваць, яна нам вельмі дорага каштавала", — падкрэсліў беларускі лідар.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, што не адказваў і не мае намеру адказваць на крытыку з боку сваіх апанентаў. «Я і не столькі трываў, пацярплю крытыку яшчэ два тыдні», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелаПАН. «Той, хто марыць аб рэвалюцыі, павінен супакоіцца. Мы ліміт рэвалюцыі вычарпалі ў мінулым стагоддзі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў: «Мы не збіраемся асляпляць людзей феерверкам вар’яцкіх ідэй і невыканальных абяцанняў. Наша мэта рэальная, зямная: каб заўтра беларускі народ жыў крыху лепш, чым сёння. Шлях вызначаны — ад захавання таго, што створана, зроблена, да шматразовага прымнажэння беларускага народа і краіны».

Цяперашні прэзідэнт Беларусі з’яўляецца адзіным кандыдатам у прэзідэнты, які ўдзельнічае ў працы Усебеларускага народнага сходу. Спробы трапіць на сход кандыдата Уладзіміра Някляева былі беспаспяховымі, нягледзячы на тое што ў падтрымку яго вылучэння дэлегатам было сабрана некалькі дзясяткаў тысяч подпісаў грамадзян.

Уладзімір Някляеў расцаніў гэта як парушэнне выбарчага заканадаўства, паводле якога кандыдатам у прэзідэнты павінны быць прадастаўлены роўныя ўмовы для вядзення перадвыбарчай агітацыі. Увечары 6 снежня Уладзімір Някляеў і яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты, Андрэй Саннікаў, маюць намер правесці з выбаршчыкамі сустрэчу, альтэрнатыўную Усебеларускаму народнаму сходу. Яна запланавана на 18:00 каля ўваходу ў чыгуначны вакзал Мінску.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы быў адзіным, хто праігнараваў тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, якія прайшлі ў прамым эфіры 4 снежня.

Как вам новость?