Лукашэнка не дазволіць налджваць у Беларусі "партыйныя гульні"

16.09.2010 15:19
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не дазволіць наладжваць у краіне "партыйныя гульні" і не мае намеру ўмешвацца ў працэс стварэння палітычных партый і грамадскіх арганізацый. «Я паставіў задачу так, каб грамадскія арганізацыі і партыі варыліся ва ўласным катле. Усё павінна выкрышталізоўваецца само па сабе", — заявіў кіраўнік дзяржавы на з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, партыя ўлады яму не патрэбна. Прэзідэнт адзначыў, што яму падкідваліся ідэі «пагуляць у партыйнае будаўніцтва», стварыць у краіне падкантрольную партыю. «Мы ведаем, да чаго прыводзяць падобныя гульні», — заявіў кіраўнік дзяржавы і папярэдзіў, што ГА «Белая Русь» не павінна быць «прытулкам для чыноўнікаў».

Беларускі лідар таксама дадаў, што мае намер у будучыні больш надаваць увагі зносінам і працы з тымі грамадскімі арганізацыямі і партыямі ў краіне, на якіх грунтуецца грамадства — мясцовыя саветы дэпутатаў, прафсаюзы, грамадскія аб’яднанні моладзі, жанчын, ветэранаў, перадае АФН.

Гэтыя слупы «з’яўляюцца асновай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі», падкрэсліў прэзідэнт. «Няма чаго выдумляць і падкідваць нам тэзісы з-за мяжы, якой павінна быць грамадзянская супольнасць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: прафсаюзы не павінны займацца папулізмам

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што прафсаюзы ні ў якім выпадку не павінны займацца папулізмам, перадае БелТА.

«Па сваёй прыродзе прафсаюзы закліканы выконваць шмат функцый, часам дыяметральна супрацьлеглых, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — З аднаго боку, трэба дамагацца здавальнення ўсіх патрэбаў працаўнікоў. З другога, з наймальнікам павінны быць выбудаваны канструктыўныя, я б нават сказаў, дыпламатычныя адносіны, каб знаходзіць аптымальныя шляхі вырашэння праблемаў, пры неабходнасці — ісці на кампраміс. І, самае галоўнае, падымаючы тое ці іншае пытанне, вы павінны рэальна ацэньваць эканамічную сітуацыю ў краіне. І ні ў якім выпадку не займацца папулізмам».

«Мы ўжо такое ў нашай гісторыі праходзілі, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Тады дзейнасць прафсаюзаў не мела нічога агульнага з рэальнай абаронай правоў працоўнага чалавека, а была накіравана на здавальненне інтарэсаў вярхушкі арганізацыі».

Лукашэнка раскрытыкаваў прафсаюзы за недапрацоўкі ў сферы аховы працы

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прафсаюзы сур’ёзна недапрацоўваюць у пытаннях аховы працы і скарачэння выпадкаў вытворчага траўматызму. «Мы шмат гаворым аб высокіх матэрыях, інавацыях. Але часам маўчым аб тым, што адной з асноўных прычынаў гібелі людзей у нашай краіне застаецца вытворчы траўматызм. Думаецца, у XXI стагоддзі такая сітуацыя выглядае проста абсурдам», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Толькі за восем месяцаў 2010 года ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінула 152 чалавекі і каля 500 траўмавана. Часцяком гібель людзей абумоўлена знаходжаннем іх на працы ў стане алкагольнага ап’янення.

Беларускі лідар лічыць, што, як правіла, роля прафсаюзных арганізацыяў зводзіцца да фіксацыі фактаў, а мэтанакіраваная праца па выяўленні і ліквідацыі прычын, якія іх спараджаюць, адсутнічае.

Лукашэнка заклікае прафсаюзы кантраляваць выкананне працоўнага заканадаўства

Паводле слоў прэзідэнта, яшчэ нярэдка сустракаюцца выпадкі несвоечасовай выплаты заработнай платы, парушэння ўмоваў аховы працы. Аляксандр Лукашэнка, лічыць, што тут, як нідзе, неабходна кантрольная функцыя прафсаюзаў.

«Як бы нас не абвінавачвалі ў архаізме, мы захавалі сістэму прафсаюзнага грамадскага кантролю. Прычым прафсаюзы — адзіная з грамадскіх структур, за якой пакінутыя такія паўнамоцтвы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — У прафсаюзаў ёсць працаздольныя прававыя і тэхнічная інспекцыі працы, грамадскія інспектары па ахове працы». Таму дзяржава мае права чакаць ад прафсаюзаў эфектыўнай барацьбы з парушэннямі заканадаўства.

«Але пры гэтым часцяком вы захапляецеся кантролем наймальніка і забываеце, што на прафсаюзах у роўнай меры ляжыць абавязак бязлітаснага супрацьдзеяння недысцыплінаванасці саміх працаўнікоў, невыканання імі правілаў аховы працы, п’янства», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў важнасць таго, што толькі прафсаюзы маюць права ажыццяўляць грамадскі кантроль нават у тых арганізацыях, дзе няма членаў іх аб’яднання. «Гэта асабліва актуальна ў цяперашніх умовах, калі намі ўзяты курс на лібералізацыю эканомікі, спрашчэнне вядзення бізнэсу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар таксама заявіў аб тым, што прафсаюзы павінны больш упэўнена заявіць пра сябе ў бізнэс-асяроддзі шляхам укаранення там ідэй сацыяльнага партнёрства.

Как вам новость?
Головоломки