Лукашэнка не пацерпіць, каб Беларусі білі ў морду

06.12.2010 17:35
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 6 снежня на IV Усебеларускім народным сходзе, закрануў пытанне адносінаў Беларусі з Расіяй. «Мы ніколі ні ад каго не пацерпім, пакуль я прэзідэнт, каб нас штурхалі, каб нас штурхалі, каб нам білі ў пысу. Гэтага ніколі не будзе. Для гэтага вам трэба выбраць іншага прэзідэнта, і я буду змагацца за сваю краіну, што б мне ні каштавала», — заявіў беларускі лідар.

«Нам заўсёды было няпроста супрацоўнічаць з новай Расіяй. Але іншай няма, гэта і наша Расія, там жывуць рускія людзі, нашы людзі, і мы гатовы з імі працаваць», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелаПАН.

«Кажучы пра Расію, пытанне ж не ў асабістым, што вось Лукашэнка такі, вось ён канфліктны, такі-сякі, не. Пытанне не ў гэтым, пытанне толькі ў эканоміцы, я гатовы трываць усё, бруд, што заўгодна дзеля сваёй краіны, дзеля людзей, але я не магу пагадзіцца, калі мне пад новы год у два разы падымаюць кошты. Як тады будаваць дзяржаву для народа?» — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што лічыць ненармальным тое, што яму пад Новы год у два разы паднімаюць цэны на нафту і газ. Палітык лічыць, што ў святочныя дні чыноўнікі павінны адпачываць, а не працаваць, аднак гэта амаль ніколі не атрымліваецца.
 
Лукашэнка назваў выпрошванне нафты і газу «ненармальным»

«Хіба гэта нармальна, што мы кожны год пад Новы год — у каго, у людзей, свята, а ў нас ад прэзідэнта да кіраўніка дэпартамента ўсіх міністэрстваў карачымся ў Маскве ці яшчэ недзе, выпрошваючы лыжку дзёгцю або барэль нафты, або кубаметр газу? Гэта ненармальна», — лічыць беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў меркаванне, што ўвядзенне Расіяй абмежавальных мераў на пастаўкі беларускай прадукцыі можа выклікаць беспрацоўе ў Расіі. «За пяцігодку ў чатыры разы павысілася цана на газ. Якая канкурэнцыя на агульным рынку, у тым ліку на расійскім! Я колькі разоў казаў: дарагія мае, калі вы ўвялі абмежавальныя меры на пастаўку нашай прадукцыі ў Расію, вы не толькі нас ударылі — вы ўдарылі сябе, таму што наша эканоміка, нашы прадпрыемствы даюць прадпрыемствам Расіі працу, дзе працуюць 15 млн. расійцаў. Мы адтуль бярэм сыравіну і камплектуючыя, вы нас «рубіце», вы «рубіце» гэтых людзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час, заявіў беларускі прэзідэнт, страта магчымасці для беларускіх прадпрыемстваў працаваць на расійскім рынку можа прывесці да адсутнасці фінансаў для аплаты Беларуссю нафты і газу з Расіі.

Лукашэнка ўспомніў, як ён будаваў газаправод Ямал-Еўропа «яшчэ хлапчуком»

«Мы з задавальненнем бы па наяўных трубах пампавалі гэтую нафту, разам з расійцамі перапрацоўвалі б яе і прадавалі. Мы гэты газ гатовыя пампаваць. Навошта гэты «Норд Стрым», калі мы пабудавалі газаправод Ямал-Еўропа і побач паклалі падмурак для іншай ніткі яшчэ ў часы Рэма Вяхірэва, калі разваліўся Савецкі Саюз. Я з ім хадзіў па гразі і будаваў гэты газаправод яшчэ хлапчуком-прэзідэнтам. Мы пабудавалі для другой ніткі — не, праз Беларусь не будзем класці, ненадзейны партнёр, давайце праз Балтыку, там надзейней. Ну што ж, гэта права тых, хто вырабляе гэты газ, але мы таксама маем права шукаць альтэрнатыву, і мы яе знойдзем. Знайшлі па нафце, знойдзем і па прыродным газе», — сказаў беларускі лідар.

Лукашэнка: Беларусь — сябар «рускім людзям і нават не людзям»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларускі народ прайшоў ужо праз многія выпрабаванні, але ўсё вытрымаў. «Трэба разумець адно: мы не нахлебнікі, мы ні ў каго нічога не просім і прасіць не будзем. Мы не сталі на калені, мы не ўпалі, мы ў зямлянкі не папаўзлі, вытрымалі, вытрымаем усё. Але і рускім людзям, і нават не людзям, а расійцам трэба разумець, што ў іх больш няма больш надзейнага сябра, у іх няма больш важнай задачы, чым утрымаць, калі хочаце, Беларусь у сваіх стратэгічных інтарэсах», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: выбары прэзідэнта трэба разглядаць праз прызму выжывальнасці

«Тут, на заходніх рубяжах нашай некалі агульнай, я лічу, Айчыны, мы заўсёды былі і будзем надзейнай апорай расійцам, рускім людзям. Мы гатовы выконваць свае функцыі па забеспячэнні самага святога сёння: бяспекі дзяржаў. Калі вы думаеце, што бяспека сёння не мае ніякага значэння, памыляецеся. І выбары нашы сёння трэба разглядаць не праз прызму абяцанняў, у тым ліку і маіх, а праз прызму выжывальнасці, бяспекі дзяржаў, тым больш Расіі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?