Лукашэнка: не трэба прымушаць людзей галасаваць датэрмінова

16.12.2010 08:40
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 15 снежня нараду, прысвечаную пытанням арганізацыі і ходу кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы і забеспячэнні грамадскай бяспекі. "Няма ніякай неабходнасці падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасавання. Людзей трэба прасіць, каб яны прагаласавалі. А вось калі — гэта іх права", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у Магілёве кіраўніцтва ААТ «Магілёўхімвалакно» заклікае працоўных галасаваць датэрмінова, аргументуючы гэта магчымасцю тэрактаў у дзень галасавання, 19 снежня. Акрамя таго, як распавёў адзін з начальнікаў прадпрыемства, працэс датэрміновага галасавання ў цэхах будуць кантраляваць майстры. Іх абавязалі штодня даваць справаздачу аб тым, хто з рабочых ўжо прагаласаваў, а хто не.

Тым часам кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына 15 снежня заявіла, што ў выпадку, калі начальнік прымушае прагаласаваць датэрмінова, можна звяртацца ў пракуратуру. Калі ж, па словах кіраўніка ЦВК, кіраўнік просіць прагаласаваць да асноўнага дня выбараў, то трэба сказаць: «Я прыйду ў дзень выбараў».

У першы ж дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі, 14 снежня, прагаласавала 3,4% выбаршчыкаў, або больш за 237 тыс. чалавек. Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік.

Как вам новость?
Головоломки