Лукашэнка не збіраецца цалкам прыватызаваць МАЗ

21.02.2011 09:24
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 лютага заявіў, што ён ніколі не разглядаў прыватызацыю Мінскага аўтамабільнага завода "у чыстым выглядзе". "Ніхто без прэзідэнта нават абмяркоўваць не стане прыватызацыю такіх гігантаў, брэндаў беларускай эканомікі, як БелАЗ, МАЗ. Мы будзем іх развіваць, і я як прэзідэнт буду рабіць усё, каб не страціць гэтыя прадпрыемствы ні ў якім выпадку", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што на зварот расійскіх кампаній, якія жадалі выкупіць МАЗ, беларускі бок прапаноўваў аб’яднацца з расійскімі кампаніямі без прыватызацыі. І толькі праз некалькі гадоў, пасля выпрацоўкі прынцыпаў далейшай працы, беларускі бок гатовы быў бы разгледзець пытанне аб абмене акцыямі, іх куплі або продажы.

«За бясцэнак мы нічога нікому аддаваць не будзем. Заплаціце нам добрыя грошы, якіх каштуе прадпрыемства, мы будзем думаць. Пакуль такіх прапаноў не было. Так што гэта (інфармацыя аб магчымай прыватызацыі МАЗа — Тэлеграф) — чыстай вады інсінуацыі і ўкіды. Мы нават не падступаліся да гэтых пытанняў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: пазіцыя Беларусі па прыватызацыі можа памяняцца

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што ніякай «дзікай прыватызацыі» у Беларусі не будзе. «Прыходзьце, плаціце грошы, кантрольны пакет павінен ў нас быць, мы павінны кіраваць гэтымі прадпрыемствамі. Хочаце з намі працаваць, зарабляць прыбытак — калі ласка, прыходзьце, будзем працаваць. Такая пазіцыя на сённяшні дзень. Будуць добрыя прапановы, у сілу чаго можа памяняцца пазіцыя, я нічога хаваць не буду, я людзям пра гэта скажу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Між тым на сённяшні дзень, па словах прэзідэнта, МАЗ практычна ні ў чым не саступае расійскаму КамАЗу, нават пераўзыходзіць яго. Так, у 2010 годзе КамАЗ прадаў агулам на тры тысячы аўтамабіляў больш, чым МАЗ, нягледзячы на тое, што расійская кампанія значна большая, адзначылі ў Адміністрацыі беларускага лідара.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што расійскія інвестары не адзіныя, хто зацікаўлены ў куплі беларускага аўтамабільнага гіганта. З аналагічнымі прапановамі таксама выступала Венесуэла, прапаноўваючы добрую суму за частку акцый МАЗа і пры гэтым не патрабуючы кантрольнага пакету. Такая ж сітуацыя, паводле слоў прэзідэнта краіны, у свой час складалася з кітайскімі інвестарамі, якія хацелі прыватызаваць БелАЗ. Аднак беларускі бок замест гэтага прапанаваў стварыць зборачную вытворчасць у выглядзе сумеснага прадпрыемства, і гэты праект быў паспяхова рэалізаваны.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што прынцыпы, на якіх магчымая прыватызацыя дзяржуласнасці ў Беларусі, ужо даўно абвешчаныя, і «ніхто штучна нічога не будзе стрымліваць».

Лукашэнка: наменклатурнай прыватызацыі не будзе ніколі

Кіраўнік дзяржавы таксама пракаментаваў чуткі аб тым, што пасля прэзідэнцкіх выбараў пачнецца наменклатурная прыватызацыя. «Вось тады я дакладна не буду прэзідэнтам, калі хтосьці з наменклатуры пачне нешта дзяліць. Не будзе гэтага ніколі ў Беларусі! Ні Лукашэнка, ні яго дзеці — ніхто не атрымае ні аднаго кавалка ад дзяржуласнасці за так», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Як раней перадаваў Тэлеграф, расійская дзяржаўная карпарацыя «Ростэхналогіі» накіравала беларускім уладам прапанову аб’яднаць расійскую кампаніі КамАЗа і Мінскі аўтамабільны завод. Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што беларускі МАЗ і расійскі КамАЗ ў перспектыве могуць стварыць холдынг, перадаўшы ў яго па 49% акцый. Па словах Уладзіміра Сямашкі, ад Беларусі ў холдынг могуць увайсці Мінскі маторны завод, БАТЭ, «Белшына», ад Расіі — яраслаўскі завод, Тутаеўскі маторны завод.

Как вам новость?