Лукашэнка незадаволены правалам эканамічнага прагнозу на 2010 год

27.08.2010 14:41
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка незадаволены працай урада і Нацыянальнага банка Беларусі па выкананні найважнейшых параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 27 жніўня падчас дакладу ўрада і Нацбанка аб працы эканомікі і сацыяльна-эканамічным развіцці.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на паступовае нарошчванне тэмпаў, не вырашаны шэраг праблем, якія істотна стрымліваюць дынамічнае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. «У студзені-ліпені 2010 года практычна праваленая выкананне найважнейшых параметраў па асноўных мэтавых паказчыках прагнозу. Не дасягнута намечанае ні па прамысловай вытворчасці, ні па выпуску сельскагаспадарчай прадукцыі, ні па інвестыцыях у асноўны капітал, ні па іншых найважнейшых паказчыках», — цытуе беларускага лідара БелТА.

У выніку ўсё гэта істотна паўплывала на тэмпы росту валавога ўнутранага прадукту (107% пры прагнозе 111-113%), адзначыў прэзідэнт. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы назваў вельмі нездавальняючай працу дзяржорганаў па прыцягненні ў эканоміку краіны прамых замежных інвестыцыяў. Прэзідэнт адзначыў незбалансаванасць ў знешнім гандлі і нізкую дыверсіфікацыю экспарту. «За шэсць месяцаў гэтага года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі сфармавалася ў суме 2,4 млрд. даляраў», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз звярнуў увагу на праблему ліквідацыі залежаў гатовай прадукцыі на складах. Па словах кіраўніка дзяржавы, вырашэнне гэтай праблемы важна не само па сабе. «Ад гэтага залежыць фінансавае становішча рэальнага сектара эканомікі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: выгаду ад росту экспарту і разгрузкі складоў маюць знешнегандлёвыя партнёры Беларусі, а не сама краіна

Беларускі лідар таксама звярнуў увагу на рост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці. «Гэта значыць гатовая прадукцыя адгружаная, а выручкі за яе не паступіла, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Больш за тое, знешняя пратэрмінаваная запазычанасць расійскіх партнёраў перавысіла доўг беларускіх прамысловых прадпрыемстваў на 347 млрд. рублёў, або ў чатыры разы. Іншымі словамі, што ж атрымліваецца — выгаду ад росту экспарту і разгрузкі складоў маюць не беларускія вытворцы, а іх знешнегандлёвыя партнёры».

«У цэнтры справаздачаў ўрада і Нацбанка павінна стаяць найважнейшая задача — павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, у вырашэнні якой ключавая роля належыць інавацыям», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, прэзідэнт таксама пацікавіўся сітуацыяй на валютным рынку краіны, адзначыўшы адмоўнае сальда з боку суб’ектаў гаспадарання. «Калі раней прадпрыемства з’яўляліся асноўнымі пастаўшчыкамі валюты, то цяпер становішча змянілася з дакладнасцю наадварот», — канстатаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад урада і Нацбанка канкрэтных прапаноў па рашэнні наяўных праблем да канца гэтага года.

Акрамя таго, па словах беларускага лідара, «сёння трэба выпрацаваць найважнейшыя інструменты ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі на 2011 год, дэталёва разгледзець прадстаўленыя ўрадам і Нацбанкам праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, бюджэту, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі, абмеркаваць прапановы па ўдасканаленні падаткаабкладання і асноўныя палажэнні праекту Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2015 года».

«Ніякіх самасправаздач. Па-дзелавому: праблемы, меры і шляхі вырашэння», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки