Лукашэнка: Някляева і Саннікава фінансуе Расія

26.11.2010 09:17
Архив

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада заявіў, што ён мае інфармацыю аб тым, што кандыдаты на пост прэзідэнта Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў атрымліваюць фінансавыя сродкі з Расіі. "У нас ёсць факты. Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў - гэта людзі, якія сёння фінансуюцца Расіяй", - падкрэсліў беларускі лідар.

У інтэрв’ю французскай газеце Le Figaro кіраўнік дзяржавы заявіў, што цяперашнія апазіцыйныя кандыдаты не гатовы весці перадвыбарную кампанію. «Калі прэзідэнцкая кампанія для іх ілюзія, то, калі ласка, у іх ёсць права не прымаць удзел у гэтай ілюзіі. А калі яны сапраўдныя палітыкі, то трэба браць адказнасць на сябе і змагацца за гэты пост. Яны, па-мойму, не гатовыя весці перадвыбарную кампанію», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі таксама паведаміў, што ён чуў выступы некаторых апазіцыйных кандыдатаў. «Столькі злосці, колькі сыходзіць сёння ад іх, прывядзе толькі да таго, што яны запалохаюць людзей і яны даб’юцца таго, што людзі наогул за іх галасаваць не будуць. Таму выліваць вось гэтую злосць ў народ з экрана — гэта не беларускі варыянт», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, «на выбары трэба ісці з дабром і народу прапаноўваць дабро».

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць супрацоўнічаць з апазіцыяй

Разам з тым дзейны прэзідэнт не выключыў магчымасці супрацоўніцтва з апазіцыяй. Аднак, паводле яго слоў, сыходзіць неабходна з пазіцыі паляпшэння жыцця людзей. «Я прэзідэнт краіны і прадстаўляю сёння ўвесь народ. Калі нейкаму грамадзяніну, або групе людзей, або нейкай партыі зручна і хочацца супрацоўнічаць з дзейнай уладай, у тым ліку з прэзідэнтам, літасці просім. У аснове гэтага павінна ляжаць перш за ўсё паляпшэнне жыцця людзей», — цытуе кіраўніка дзяржавы БелТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі прадстаўнікі беларускай апазіцыі «хочуць і гатовыя дзейнічаць у плане той палітыкі, якая сёння праводзіцца ў Беларусі, і яны здольныя па сваіх магчымасцях працаваць на нейкай пасадзе», у іх ёсць такая магчымасць.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што існая сёння ў Беларусі «так званая апазіцыя пакуль дзейнічае з пазіцыі «чым горш — тым лепш»: чым горш для народа — тым лепш для іх». «На такіх асновах я не толькі з апазіцыяй, але ў тым ліку і з любымі іншымі грамадзянамі Беларусі або замежнымі дзяржавамі супрацоўнічаць не мае намеру. Мая мэта — паляпшэнне жыцця людзей, а не пагаршэнне», — падкрэсліў беларускі лідар.