Лукашэнка паабяцаў бізнэсу поўную свабоду

17.09.2010 09:53
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў ў наступнай пяцігодцы даць беларускім прадпрымальнікам поўную свабоду, у тым ліку магчымасць свабодна распараджацца ўласнымі сродкамі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 16 верасня на шостым з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

«Я для сябе цвёрда вырашыў і вызначыўся, калі нам трэба будзе яшчэ працаваць, каб вы, вытворцы, камерсанты, бізнэсмены, не папракалі дзяржаву — мы вам дамо поўную волю ў будучай пяцігодцы распараджацца ўласнымі сродкамі. Гэта значыць вырабілі, заплацілі падаткі, абавязковыя плацяжы — ёсць у вас грошы — дзяліце і жывіце», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што дзяржава гатова падтрымліваць прадпрымальнікаў, але толькі ў выпадку аб’ектыўных цяжкасцяў, а «на плячах цягнуць нікога не будзе», паведамляе БелТА.

Паводле слоў прэзідэнта, Беларусь імкнецца да стварэння дынамічнай эканомікі ў развіцці, прывабнай як для айчынных, так і замежных інвестараў. «Мадэрнізацыя эканамічнага ўкладу, пераход на больш высокі тэхналагічны ўзровень вытворчасці, шырокае ўкараненне інавацый ва ўсе сферы — усё гэта заклікана забяспечыць павышэнне канкурэнтаздольнасці ў свеце не толькі беларускай прадукцыі, але і нашай краіны ў цэлым», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Працуйце і адказвайце перад сваімі працоўнымі калектывамі, а я буду глядзець, каб выконваліся асноўныя правы: права на працу і годную зарплату. Вось і ўсё. І тады знікне зварот: «Аляксандр Рыгоравіч, дайце грошы, павысьце заробак і г.д.» , — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: зарплата чыноўнікаў не павінна перавышаць зарплату народа

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы паведаміў аб тым, што дзяржава плануе і далей займацца дзяржсектарам. Па словах прэзідэнта, пры гэтым палітыка будзе будавацца такім чынам, каб дзяржслужачыя ў сваіх даходах і заработнай плаце «не адарваліся ад народа».

«Жадаеце больш — скарачайцеся. Колькасць ёсць, мы не будзем забіраць вашыя стаўкі. Замест сотні ці 110 чалавек у райвыканкаме пакіньце 70, выконвайце тыя ж функцыі, а астатнія 40 — забярыце і даплочвайце людзям. Мы не будзем тут зверстваваць і скарачаць заробак. Але мы будзем прытрымлівацца ўзроўню і той планкі справядлівасці, якая павінна быць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«З будучага года шукайце сваё шчасце на сваіх прадпрыемствах. Мы будзем кантраляваць і жорстка пытаць і будзем на баку працоўных калектываў, але памятайце няўхільную ісціну: для таго, каб нешта мець у кішэні, трэба працаваць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?
Головоломки