Лукашэнка паабяцаў не дапусціць супрацьстаяння паміж спецслужбамі

15.06.2010 16:23
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка 15 чэрвеня на нарадзе па пытаннях удасканалення працы міжведамасных дзяржорганаў сістэмы забеспячэння бяспекі Беларусі паабяцаў не дапусціць "супрацьстаяння паміж спецслужбамі і накату на спецпадраздзяленні". "Чаго граху хаваць: канкурэнцыя — вялікая справа, якая прынесла добрыя вынікі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар растлумачыў, што ў свой час пры стварэнні спецпадраздзяленняў у сілавых ведамстваў краіны ён лічыў неабходным мець некалькі такіх. «Не таму, што не маглі стварыць адно магутнае ці два, а таму што яны павінны ў першую чаргу быць мабільнымі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Нягледзячы на канкурэнцыю паміж спецслужбамі, у цяжкую хвіліну яны павінны дзейнічаць у адзіным ключы і выконваць агульную задачу, дадаў прэзідэнт, перадае БелТА. Акрамя таго, па словах кіраўніка дзяржавы, цяпер у Беларусі на заканадаўчым узроўні распрацавана сістэма рэагавання на экстрэмісцкія дзеянні. «Павысіць эфектыўнасць яе функцыянавання — надзённая задача», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў, што апошнім часам усё часцей даводзіцца звяртацца да тэмы барацьбы з тэрарызмам. «Хаця рэспубліцы і ўдалося пазбегнуць гэтай бяды, тым не менш даводзіцца канстатаваць, што радыкальныя сілы ў якасці дасягнення сваіх палітычных мэтаў як у глабальным маштабе, так і на рэгіянальных узроўнях нярэдка бяруць на ўзбраенне крывавыя экстрэмісцкія метады», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Гэта зло, імкліва распаўзаючыся па планеце, сёння ўшчыльную падышло да межаў нашай дзяржавы, — сказаў прэзідэнт. — Сведчанне таму — нядаўнія тэрарыстычныя акты ў Маскве. Мы не маем права паслабляць да такіх пагрозаў бяспеку людзей, Спадзеючыся на стабільнасць сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў Беларусі».

Лукашэнка: спецпадраздзяленні атрымаюць найлепшыя ў свеце ўзоры ваеннае зброі

Кажучы аб праблеме тэрарызму, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія спецпадраздзяленні павінны ўмець адрэагаваць на захоп закладнікаў ці тэракт.

«Беларускія спецпадраздзялення павінны ўмець рабіць усё, што трэба ў сучасным свеце для таго, каб годна адрэагаваць на захоп закладнікаў або тэрарыстычны акт. На дзейнасць спецпадраздзяленняў будзе звяртацца сур’ёзная ўвага, ім будзе аказвацца падтрымка, але, адпаведна, будзе і патрабаванне», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што калі раней у спецпадраздзяленнях адчуваўся недахоп зброі і спецыяльных сродкаў, то сёння ёсць усё. «Але ёсць лепшыя ў свеце ўзоры, мы гэта ведаем, і гэта лепшае вы, безумоўна, атрымаеце. Усё гэта павінна быць накіравана на тое, каб абараніць нашу краіну, наш народ», — падкрэсліў прэзідэнт.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі зроблена нямала для таго, каб спецпадраздзяленні мелі годны ўзровень. «Да нас едуць з усіх краін, нават з прасунутых, каб навучыцца антытэрарыстычнай працы і выкананню спецыяльных мерапрыемстваў», — сказаў беларускі лідар.

Лукашэнка: у цяперашніх умовах нельга дапусціць распылення сіл і сродкаў

Беларускі лідар асабліва адзначыў, што патрабуецца пастаянная праца па аптымізацыі і ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы мераў процідзеяння тэрарызму, па інтэграванні яе з адпаведнымі міжнароднымі структурамі. Таксама неабходны адзіная стратэгічная лінія і канкрэтныя дзеянні па яе рэалізацыі, дадаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2008 годзе па яго ўказанні была праведзеная праверка службовай дзейнасці спецпадраздзяленняў КДБ, МУС, Дзяржпагранкамітэта і міністэрства абароны. «Яе вынікі паказалі, што гэтыя падраздзяленні здольныя вырашаць пастаўленыя задачы. Але адначасова былі выяўленыя і «вузкія месцы», звязаныя з неабходнасцю карэкціроўкі прававога становішча гэтых структур, паляпшэння іх вучэбна-трэніровачнай базы, забеспячэння сучасным узбраеннем і спецсродкамі, сацыяльнай абароненасці супрацоўнікаў», — сказаў прэзідэнт.

«Але галоўнае — былі выкрыты недахопы пры ўзаемадзеянні спецыяльных падраздзяленняў ў вырашэнні агульных задач. У ходзе рэалізацыі маіх даручэнняў, дадзеных па выніках праверкі, многае ўжо зроблена. Але і нявырашаных праблем яшчэ дастаткова», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар падкрэсліў таксама неабходнасць выпрацоўкі выразнага механізму міжведамаснай каардынацыі антытэрарыстычнай дзейнасці сілавых структур у цэлым і іх спецпадраздзяленняў у прыватнасці. «У цяперашніх умовах нельга дапусціць распылення сіл і сродкаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — На стварэнне гэтых структур у некалькіх сілавых ведамствах мы пайшлі не таму, што нам няма куды дзяваць грошы, а для таго, каб быць гатовымі да адэкватнага процідзеяння сучасным экстрэмісцкім выклікам» .

Как вам новость?
Головоломки