Лукашэнка паабяцаў падтрымліваць Каталіцкую царкву

06.04.2010 15:26
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвушам Кандрусевічам заявіў, што рады таму, што паміж каталіцкай і праваслаўнай канфесіямі складаюцца добрыя адносіны. "Для мяне гэта вельмі важна, я буду гэта падтрымліваць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Падчас сустрэчы беларускі лідар таксама падкрэсліў, што дзяржава «падтрымлівае і надалей будзе падтрымліваць дыялог Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў». Па словах Аляксандра Лукашэнкі, стала добрай традыцыяй «абмяркоўваць надзённыя праблемы з кіраўніцтвам адной з асноўных канфесій — каталіцкай».

«Думаю, што гэта добры сігнал нашаму грамадству. Але я не хацеў бы, каб гэта сустрэча была чыста паказальнай, мы павінны абмеркаваць пэўныя пытанні, якія назапасіліся за мінулы год. Мы пагаворым таксама наогул пра сітуацыю ў рэлігійным асяроддзі», — цытуе БелТА словы прэзідэнта.

Звяртаючыся да архібіскупа, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Павінен сказаць, што ваша прысутнасць на Вялікдзень у праваслаўным саборы і наша з вамі сумеснае віншаванне былі годна ўспрыняты ў грамадстве».

Кандрусевіч падзякаваў Лукашэнку за яго стаўленне да каталіцкай канфесіі

У сваю чаргу, Тадэвуш Кандрусевіч выказаў словы падзякі прэзідэнту Беларусі за яго стаўленне да каталіцкай, праваслаўнай і іншых канфесій. «Мы павінны разам адказваць на ўсе сучасныя выклікі, і наша моц будзе большай, калі мы будзем казаць разам», — адзначыў архібіскуп.

Тым часам, Тадэвуш Кандрусевіч таксама паведаміў пра тое, што актыўнымі тэмпамі ідзе праца па падрыхтоўцы праекта дамовы паміж Беларуссю і Святым пасадам. Па словах архібіскупа, ён разам з беларускім лідарам абмяркуе і шматлікія іншыя пытанні ўзаемадзеяння Рымска-каталіцкай царквы і беларускай дзяржавы.

«Гаворка пойдзе пра лёс будынкаў Бернардынскага касцёла і манастыра, пра вылучэнне земляў пад будаўніцтва новых касцёлаў, — распавёў Тадэвуш Кандрусевіч. — Рымска-каталіцкая царква плануе таксама пашырыць свой удзел у дабрачынных праектах».

Архібіскуп адным з прыкладаў дабрачыннай дзейнасці назваў цэнтр «Карытас», у якім праходзяць рэабілітацыю дзеці з анкалагічнымі захворваннямі. Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз падзякаваў дзяржаве і Аляксандру Лукашэнку за дапамогу ў рэстаўрацыі старадаўніх касцёлаў. «Гэта наша агульная спадчына», — сказаў ён.

Как вам новость?