Лукашэнка паабяцаў скараціць аб'ёмы льготнага крэдытавання жылля

15.06.2011 15:15
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання комплексу жылой забудовы раёна Усходні ў Мінску заявіў, што льготнае крэдытаванне ў Беларусі захаваецца, але яго аб'ёмы скароцяцца. Ён таксама даручыў за паўгода стварыць новую сістэму льготнага крэдытавання насельніцтва, вызначыўшы ў ёй катэгорыі грамадзян, якім будуць падавацца такія крэдыты.

Такімі катэгорыямі, на думку кіраўніка дзяржавы, будуць шматдзетныя сям’і і вайскоўцы, аднак аб’ём іх дзяржпадтрымкі будзе таксама адрознівацца. Так, рознай павінна стаць падтрымка «сем’ям з трыма, чатырма, пяццю дзецьмі», перадае БелТА.

«Трэба прама казаць, што ў такім аб’ёме льготна крэдытаваць мы не можам. Бясплатна жыллё мы будаваць не зможам, таму што пры цяперашняй інфляцыі, якая ўсё з’ядае за 20 гадоў, чалавек фактычна бясплатна атрымлівае кватэру. Таму бясплатнага жылля ў такім аб’ёме, як гэта было ўчора, не будзе. Не таму, што тут праблемы, складанасці і г.д. Мы занадта захапіліся, і фактычна многія людзі не думаюць пра тое, што яны самі павінны будаваць дом, кватэру і клапаціцца аб сваёй сям’і. Пра гэта галава павінна балець перш за ўсё ў чалавека, а потым ужо — падтрымка, дапамога і г.д.», — сказаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, «сітуацыя паказала: бяздумнае ўкіданне грашовых сродкаў, у тым ліку ў будаўніцтва жылля, прыводзіць да падобных панік». «Мы не можам бяздумна, у тым ліку за кошт эмісіі, укідваць грошы ні ў будаўніцтва, ні ў сельскую гаспадарку — ва ўсе дзяржпраграмы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Ільготнае крэдытаванне, вядома ж, застанецца, але яно будзе зведзена да таго аб’ёму, які дзяржава можа вытрымаць, каб не стварыць чарговыя праблемы на рынку валютным, фінансавым, эканамічным і г.д.», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Але трэба дакладна вызначыць, каму мы будзем дапамагаць па льготах, — адзначыў Прэзідэнт. — Тут даўно пара ўраду вызначыцца, якая падтрымка будзе сем’ям з трыма, чатырма, пяццю дзецьмі, і выразна прапісаць гэта».

Лукашэнка загадаў павялічыць аб’ём будаўніцтва за мяжой

«Трэба выходзіць за мяжу і там будаваць, ісці да таго мільёна паслуг у будаўніцтве за мяжой, аб якім мы калісьці дамаўляліся. Якія тэрміны? Я не хачу казаць год-два, але ў найбліжэйшы час міністр павінен далажыць, што мільён (цяпер 700 тыс. квадратных метраў — Тэлеграф) за мяжой будуюць і прывозяць у краіну валюту», — даручыў прэзідэнт.

На яго думку, у Беларусі ёсць добрыя магчымасці для прасоўвання сваіх будаўнічых паслуг перш за ўсё ў Расіі. «У нас ёсць адзін добры рычаг. Там не хапае будаўнічых матэрыялаў, такіх як друз, цэмент і інш», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прапанаваў дамаўляцца аб пастаўках з Беларусі дэфіцытных будматэрыялаў у абмен на будаўнічы падрад. «Яны з задавальненнем, асабліва расійцы, пагодзяцца», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: тыя, хто працуе за мяжой, павінны плаціць 100% за камуналку

Прэзідэнт даручыў прыняць самыя дзейсныя меры, каб прадухіліць адток будаўнічых кадраў за мяжу.

«Мы павінны гэтым «летунам», інакш іх не назавеш, сказаць: мы не можам забараніць табе ехаць будаваць кудысьці за мяжу. Ты паехаў працаваць неарганізавана на іншую дзяржаву, у краіну грошай не прыносіш. Едзь. Але першае — камунальныя паслугі 100 % сям’я аплочвае, медыцынскае забеспячэнне, тваё асабіста, дзяцей мы не чапаем і сям’ю, — 100%. Не нясеш сацыяльную нагрузку, дзяржаве не дапамагаеш, давай хоць за камуналку і за медабслугоўванне заплаці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Дадзеную меру ён даручыў пачаць ажыццяўляць з другога паўгоддзя 2011 года. «Тады ён тысячу разоў падумае, ехаць ці не ехаць. Зарабіў грошы — прыйдзі і заплаці», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?
Головоломки