Лукашэнка пачаў новы этап амаладжэння афіцэрскага складу УС

17.08.2010 10:15
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці амалоджваць кадры ўзброеных сілаў краіны. У сувязі з гэтым 16 жніўня кіраўнік дзяржавы зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў ва ўзброеных сілах. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Так, камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання кіраўнік дзяржавы прызначыў генерал-маёра Сяргея Патапенку, яго намеснікам стаў палкоўнік Аляксандр Вальфовіч. Генерал-маёр Аляксандр Мяжуеў стаў начальнікам галоўнай ваеннай інспекцыі ўзброеных сілаў. Камандуючым сіламі спецыяльных аперацый узброеных сілаў прызначылі палкоўніка Алега Белаконева.

Палкоўнік Андрэй Некрашэвіч стаў намеснікам камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Намеснікам камандуючага ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны, начальнікам авіяцыі прызначылі палкоўніка Ігара Голуба.

Усім ваенным, прызначаным на новыя кіруючыя пасады, няма і 50 гадоў.

«Мы павінны амаладзіць камандны кіруючы склад у краіне. Гэта ўвогуле прынцыповае патрабаванне і яно характэрна для любога часу. Асабліва для нас цяпер: як бы мы тут не харахорыліся, як бы не лічылі сябе маладымі, усё роўна час ідзе. І вельмі важна, каб мы на ўсіх узроўнях улады перадалі кіраўніцтва маладым людзям, перспектыўным», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: вайскоўцы, якія сыходзяць з пасады, не павінны быць пакрыўджаныя

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што належную павагу неабходна праяўляць і да тых, хто сыходзіць з войска. «Хацелася б, каб сыходзячы асабліва з вайсковай службы — гаспадаравыя людзі, як у нас прынята лічыць — яны не былі пакрыўджаныя. Гэта ўсё іхняе жыццё. Тыя, хто сыходзіць, тыя, якім вы прыходзіце на змену, усё-ткі былі людзьмі нядрэннымі. І хацелася б, каб яны і далей сябе адчувалі нармальна», — растлумачыў прэзідэнт Беларусі.

Міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін таксама лічыць, што кадраваму забеспячэнню, у тым ліку і ва ўзброеных сілах, неабходна надаваць пільную ўвагу. «Лозунг «Кадры вырашаюць усё» яшчэ ніхто не адмяняў, а практыка дзейнасці толькі пацвярджае, што вельмі многае залежыць ад кадравага патэнцыялу кіраўніка», — цытуе кіраўніка беларускага ваеннага ведамства СТВ.

Лукашэнка: Беларусь рыхтуе ваенных спецыялістаў не горш за Расію

Апроч усяго іншага, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ваенныя спецыялісты павінны ў асноўным рыхтавацца ў Беларусі на базе Ваеннай акадэміі, і толькі па некаторых дэфіцытных спецыяльнасцях — у Расіі. «Мы здольныя па многіх спецыяльнасцях падрыхтаваць не горш, чым у Расійскай акадэміі. І тое, што менавіта да нас ідуць з СНД — дзяржавы, якія добра ведаюць сістэму адукацыі савецкую, расійскую — тое, што яны ідуць да нас, дарагога каштуе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы — будучыя генералы. Маё стаўленне да генералаў вы ведаеце — гэта штучны тавар, калі можна так сказаць, гэта ад прыроды чалавеку павінна быць дадзена. Вы павінны быць сапраўднымі ваеннымі і прыкладам не толькі для сваіх салдатаў — гэта банальна — вы павінны быць узорам ў грамадстве», — дадаў прэзідэнт, звяртаючыся да прызначаных кіраўнікоў.

У завяршэнне сустрэчы з ваеннымі кіраўнікамі Аляксандр Лукашэнка даручыў у найбліжэйшы час падрыхтаваць яго наведванні шэрагу злучэнняў і частак Узброеных сіл Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки