Лукашэнка падаў дакументы ў ЦВК

24.09.2010 17:14
Архив Редакция

Дзейны кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сёння, 24 верасня, падаў у Цэнтрвыбаркам дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Пра гэта паведамілі ў Цэнтрвыбаркаме. У склад ініцыятыўнай групы беларускага лідара ўвайшло 8 403 чалавекі. Кіраўніком з'яўляецца Аляксандр Радзькоў.


Як ужо паведамляў Тэлеграф, рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Цэнтрвыбаркам мае намер прыняць на пасяджэнні 27 верасня.
З 30 верасня па 29 кастрычніка будзе праходзіць збор подпісаў.
Прэтэндэнт на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах павінен здаць не менш за 100 тыс. подпісаў.
З 14 па 23 лістапада рэгістрацыя кандыдатаў.
14-18 снежня — датэрміновае галасаванне.
Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 19 снежня.
Усталяванне канчатковых вынікаў галасавання не пазней за 29 снежня.
Другі тур, пры неабходнасці, адбудзецца не пазней за 2 студзеня 2011 года.
 

Агулам, на дадзены момант, у ЦВК пададзена 13 заявак (разам з заяўкай Аляксандра Лукашэнкі — 14), пры гэтым ініцыятыўную групу Віктара Цярэшчанкі Цэнтрвыбаркам ужо зарэгістраваў.

Аднак, як ужо паведамляў Тэлеграф, дзве заяўкі можна не прымаць у разлік. Рэч у тым, што адна з іх — гэта заяўка ад санітаркі гразелячэбніцы санаторыя «Чонкі» (Гомельскі раён) Наталлі Старыкавай, у ініцыятыўнай групе якой было 30 чалавек, замест неабходнага па законе мінімуму ў 100 чалавек. Зрэшты, сама ж жанчына потым і адмовілася ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы з-за павышанай увагі да сваёй персоны публікі і журналістаў.

Таксама не пройдзе і заяўка жыхара пасёлка Калодзішчы Мінскага раёна, 29-гадовага Іллі Дабратвора, які падаў дакументы ў Цэнтрвыбаркам на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы з аднаго чалавека — сябе самога. «Я зрабіў гэта ў знак пратэсту супраць таго, што Цэнтрвыбаркам прымае дакументы незразумела ад каго», — паведаміў Ілля Дабратвор.

Астатнія ж заяўкі чакаюць рашэння ЦВК. Па сваіх ініцыятыўных групах рашэнні аб рэгістрацыі чакаюць лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, кіраўнік Беларускай партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў, начальнік сектару знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Віцебскі плодагароднінны камбінат» Сяргей Рыжоў, віцебскі індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Правальскі.

24 верасня, у апошні дзень прыёму дакументаў, у ЦВК таксама паступілі заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп ад лідара кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, лідара саюза «За мадэрнізацыю» Алеся Міхалевіча. Таксама заяўку падаў дырэктар аднаго з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю з Мінску Дзмітрый Ус, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Заяву таксама падаў і былы намеснік дырэктара мінскай камерцыйнай арганізацыі, а цяпер беспрацоўны 38-гадовы мінчук Сяргей Іваноў.

Как вам новость?
Головоломки