Лукашэнка падпісаў дакументы Мытнага саюза другога ліпеня

07.07.2010 14:11
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка другога ліпеня падпісаў шэраг законаў, якія тычацца ратыфікацыі пагадненняў і дамоваў у рамках Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. Так, беларускі лідар падпісаў закон "Аб ратыфікацыі Дамовы аб Мытным кодэксе мытнага саюза", закон "Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Дамову аб Мытным кодэксе мытнага саюза ад 27 лістапада 2009 года".

Акрамя гэтага кіраўнік дзяржавы падпісаў законы «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб устанаўленні і прымяненні ў мытным саюзе парадку залічэння і размеркавання ўвазных мытных пошлінаў (іншых пошлінаў, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеянне)» і «Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні зменаў у Пагадненне аб прынцыпах спагнання ўскосных падаткаў пры экспарце і імпарце тавараў, выкананні працы, аказанні паслуг у мытным саюзе ад 25 студзеня 2008 года».

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падпісаў законы «Аб ратыфікацыі Пратакола аб парадку спагнання ўскосных падаткаў і механізме кантролю за іх выплатай пры экспарце і імпарце тавараў у мытным саюзе» і «Аб ратыфікацыі Пратакола аб парадку спагнання ўскосных падаткаў пры выкананні працы, аказанні паслуг у мытным саюзе».

Таксама беларускі лідар падпісаў закон «Аб ратыфікацыі Пагаднення мытнага саюза па ветэрынарна-санітарных мерах», «Аб ратыфікацыі Пагаднення мытнага саюза аб каранціне раслінаў», «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб звароце прадукцыі, якая падлягае абавязковай ацэнцы (пацверджанні) адпаведнасці, на мытнай тэрыторыі мытнага саюза».

Акрамя законаў, звязаных з Мытным саюзам, прэзідэнт Беларусі падпісаў і іншыя законы — «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароны звестак, унесеных у рэестр уладальнікаў каштоўных папер», «Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гадоў» і г.д.