Лукашэнка: падстаў для росту курсу даляра няма

09.06.2011 10:28
Архив

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня на нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі запатрабаваў ад урада скарачэння ўсіх непершачарговых дзяржаўных выдаткаў. Ён таксама заявіў, што пакуль не бачыць падстаў, каб курс беларускага рубля вырас больш за 5 тыс. рублёў за адзін даляр, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Удзельнікі нарады адзначылі значны рост валютных паступленняў ад экспарту. Праца ўсіх прадпрыемстваў і ў цэлым нармальнае функцыянаванне эканомікі, на іх думку, стварае неабходныя перадумовы для стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку. Аляксандр Лукашэнка перасцярог урад і Нацбанк ад прыняцця рэзкіх паспешлівых рашэнняў. Па яго словах, трэба дачакацца хаця б вынікаў паўгоддзя.

Прэзідэнт жорстка папярэдзіў аб адказнасці за неабгрунтаваны рост коштаў. Ён лічыць, што кошты павінны знаходзіцца пад жорсткім кантролем, не павінна быць іх скачкападобнага росту.

«Трэба выразна бачыць мэту і адсюль выбіраць шляхі. Давайце зыходзіць з рэалій. Спачатку вызначыцеся з мэтамі, крытэрамі. І нельга заўтра прымаць рэзкія рашэнні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да членаў урада.

«Працуйце так, як трэба, і не крыўдзіце людзей. У кожнага чалавека ёсць жыццё, і ён хоча пражыць яго нармальна, і каб яго дзецям было нармальна жыць. Неабходна захаваць давер людзей», — падкрэсліў прэзідэнт.