Лукашэнка паклікаў Кустурыцу здымаць "саліднае кіно" ў Беларусі

09.11.2010 17:33
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся 9 лістапада ў Мінску з кінарэжысёрам Эмірам Кустурыцам, прапанаваў яму супрацоўніцтва з беларускімі кінематаграфістамі. "Калі вы захочаце зняць што-небудзь саліднае, хай і не звязанае з Беларуссю, то мы палічым за гонар супрацоўніцтва з такім чалавекам, таму што ён не ўмее здымаць дрэнныя фільмы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі людзям, якія робяць высокае мастацтва, гатовыя дапамагаць і падтрымліваць іх. «А калі вы яшчэ і дзясятак нашых маладых кінарэжысёраў нечаму навучыце — проста будзеце героем нашай краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па словах кіраўніка дзяржавы, у Беларусі не хапае «моцных, мужных, думаючых і вельмі прафесійных кінарэжысёраў». «А хацелася б, каб такія былі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.

Прэзідэнт распавёў, што напярэдадні ўважліва азнаёміўся з біяграфіяй Эміра Кустурыцы і ведае, як у вострыя перыяды гісторыі ён пераадольваў перашкоды, якія ўзнікалі. «Вельмі рады, што вы югаслаў і ім засталіся. Мяне называюць занадта савецкім, але я ад гэтага не адмаўляюся. Рады, што сустракаюся з такім кінарэжысёрам з Югаславіі, якім вы з’яўляецеся», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што гэта не проста пратакольная, фармальная сустрэча: «Гэта, можна сказаць, сустрэча з маім паплечнікам. Па многіх пытаннях нашы погляды абсалютна падобныя», — адзначыў прэзідэнт.

Кустурыца «вельмі крануты» сустрэчай з Лукашэнкам

«Я вельмі крануты цяперашняй сустрэчай, — сказаў Эмір Кустурыца, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі. — Вы кіруеце краінай такім чынам, каб набытая выгада заставалася людзям, краіне. Вы жадаеце захаваць незалежнасць. Ведаю, што сёння за гэта трэба плаціць вельмі высокую цану».

Кінарэжысёр таксама выказаў сваю павагу да Беларусі як да славянскай дзяржавы, якая да гэтага часу захоўвае незалежнасць. «Белград разбамбілі не таму, што сербскі народ здзейсніў злачынства, а таму, што Мілошавіч не дазволіў, каб у краіну прыходзілі карпарацыі. Вы адзіная краіна, якая дамаглася поспеху, і вашыя тавары знаходзяцца ў вашых руках», — сказаў Эмір Кустурыца.

Лукашэнка ўручыў Кустурыцу адну з галоўных узнагарод «Лістапада»

Аляксандр Лукашэнка ўручыў кінарэжысёру Эміру Кустурыцу адну з галоўных узнагарод кінафестывалю «Лістапад» — спецыяльны прыз кіраўніка дзяржавы «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўручае гэтую ўзнагароду як знак прызнання заслуг рэжысёра перад мастацтвам. Кіраўнік дзяржавы выказаў таксама надзею, што Эмір Кустурыца яшчэ не раз наведае нашу краіну, будзе прысутнічаць і на «Славянскім базары ў Віцебску», і на будучым кінафестывалі «Лістапад» і іншых.

Как вам новость?