Лукашэнка паляцеў у Ерэван за два дні да саміту АДКБ

18.08.2010 14:37
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі прыбыў у Ерэван з прыватным візітам за два дні да пачатку правядзення там нефармальнага саміту Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Пра гэта карэспандэнту Тэлеграфу паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна. Больш падрабязную інфармацыю пра ягоны візіт пакуль не паведамляюць.

Саміт АДКБ пройдзе ў Ерэване з 20 па 21 жніўня. Мяркуецца, што кіраўнікі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана абмяркуюць прапановы аб удасканаленні сістэмы антыкрызіснага рэагавання ў рамках арганізацыі. Чакаецца таксама, што прэзідэнты разгледзяць сітуацыю ў Кыргызстане і меры АДКБ па яе стабілізацыі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, некаторыя расійскія СМІ і аналітыкі выказвалі меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка можа адмовіцца ад паездкі ў Арменію, як гэта адбылося ў мінулым годзе падчас «малочнай вайны» з Расіяй.

Так, кіраўнік «Цэнтру палітычных даследаванняў «Кансалтынг» Андрэй Фёдараў заявіў, што калі Аляксандр Лукашэнка «не прыедзе ў Ерэван, праігнаруе саміт АДКБ, ступень напружанасці паміж краінамі можа значна ўзрасці». «Калі ён знойдзе ў сабе палітычную рашучасць, каб прыехаць і выкарыстоўваць трыбуну АДКБ для таго, каб выказаць свой пункт гледжання, то магчымы іншы варыянт развіцця падзей», — адзначыў палітолаг, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Андрэй Фёдараў выказаў таксама меркаванне, што «непрыемныя моманты» могуць узнікнуць падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з новым прэзідэнтам Кыргызстана Розай Атунбаевай, паколькі ў абодвух бакоў ёсць вялікія прэтэнзіі адно да аднаго.
 
Таксама расійскія журналісты выказалі здагадку, што падчас саміту прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядведзеў не плануе праводзіць двухбаковую сустрэчу з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Как вам новость?