Лукашэнка паляцеў у Маскву дамаўляцца па нафце

11.06.2010 10:11
Архив Редакция

Сёння, 11 чэрвеня, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца са сваім расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым, а таксама cа старшынёй урада РФ Уладзімірам Пуціным. Асноўнай тэмай перамоваў стануць пытанні функцыянавання Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Лідары дзвюх дзяржаў абмяркуюць і іншыя актуальныя тэмы двухбаковага беларуска-расійскага супрацоўніцтва.

Напярэдадні сустрэчы на вышэйшым узроўні беларускі лідар і Дзмітры Мядзведзеў у тэлефоннай размове  намецілі прыкладны пералік тэмаў, якія збіраюцца абмеркаваць у Маскве, паведамляе БелТА.

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што дыялог стане максімальна канкрэтны і выніковы.

Як раней паведамляў Тэлеграф, апошнім часам самым адчувальным пытаннем для Беларусі пры стварэнні Мытнага саюза з’яўляецца адмена уведзеных Расіяй з 2010 года экспартных пошлінаў на нафтапрадукты.

У канцы траўня прэм’ер-міністры Расіі і Казахстана праз рознагалоссі з Беларуссю дамовіліся запусціць Мытны саюз з першага ліпеня ў двухбаковым фармаце. Аднак праз некаторы час Мінск пагадзіўся прадоўжыць свой удзел у фарміраванні МС з выняткамі па пэўных пытаннях, у тым ліку па пошлінах на нафтапрадукты і аўтамабілі.

Падчас візіту ў беларускую сталіцу першы віцэ-прэм’ер РФ Ігар Шувалаў заявіў, што рашэнне па далейшым спагнанні Расіяй экспартных пошлінаў на вырабленыя ў Беларусі нафтапрадукты будуць прымаць прэзідэнты дзвюх краін.

Таксама ў цяперашні час у Эканамічным судзе СНД знаходзіцца пазоў ўрада Беларусі да ўраду Расіі аб пошлінах на нафту і нафтапрадукты, распарадчае паседжанне суда прызначана на 22 чэрвеня.

Как вам новость?
Головоломки