Лукашэнка: палітыка ЕС ніколі не знойдзе разумення ў Беларусі

26.11.2010 10:46
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада заявіў, што цяперашняя палітыка ЕС ніколі не знойдзе разумення ў Беларусі. Паводле слоў прэзідэнта, кіраўніцтва краіны не пойдзе на тое, каб "нас пастаянна трымаць у напрузе і ставіць перад намі ўмовы, а то і падштурхоўваць нас да дзеянняў, да якіх мы, мякка кажучы, не гатовыя ў сілу аб'ектыўных прычын". "ЕС павінен гэта ўлічваць", — падкрэсліў прэзідэнт.

У час інтэрв’ю французскай газеце Le Figaro Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускае кіраўніцтва «больш чым расчаравана» стаўленнем Еўрапейскага саюза да Беларусі. «Мы ўвогуле часам не разумеем, чаго хоча Еўрапейскі саюз. Мы робім усё для таго, каб у нас былі нармальныя адносіны з нашым заходнім суседам. Усе нашы ініцыятывы не толькі апошняга часу, але і раней былі накіраваны на ўсталяванне добрых адносін з Еўрапейскім саюзам. Чаму Еўрапейскі саюз такім чынам рэагуе на нашы ініцыятывы, гэта зноў жа пытанне да іх, а не да нас», — заявіў беларускі прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатовая вучыцца ў ЕС у некаторых напрамках. «Мы добрыя вучні, мы гатовыя ў вас вучыцца ўсяму таму, што адпавядае інтарэсам беларускага народа, і таму, што не стварае праблемаў нашым суседзям, гэта значыць Еўрапейскаму саюзу, Украіне, Расіі, іншым народам свету», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Я думаю, што калі б французскаму прэзідэнту Нікаля Сарказі задалі такое пытанне і Францыя была ў такім жа становішчы, як Беларусь, ён бы адказаў сапраўды гэтак жа», — падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка: інтарэсы Беларусі ніяк не супярэчаць ЕС

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што заўсёды будзе дзейнічаць у інтарэсах беларускай дзяржавы і народа. «У нас ёсць краіна, у нас ёсць народ, мы абвясцілі, што гэтай беларускай дзяржаве быць суверэннай і незалежнай. Гэта падтрымлівае Захад. Таму мы будзем забяспечваць наш суверэнітэт і незалежнасць і дзейнічаць перш за ўсё ў інтарэсах нашага беларускага народа, таму што мы як краіна і народ, які жыве ў гэтай краіне, маем свае інтарэсы, і гэтыя інтарэсы, нас ніхто ў гэтым папракнуць не можа, ніяк не супярэчаць Еўрапейскаму саюзу», — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова наладжваць адносіны з ЕС у любым фармаце. «Давайце наладжваць адносіны. Хочаце — у рамках «Усходняга партнёрства», хочаце — напрамую Еўрапейскі саюз — Беларусь, хочаце — Францыя-Беларусь, як вам зручна», — заявіў беларускі прэзідэнт.

Адносна канкрэтна Францыі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь хацела б развіваць адносіны з гэтай краінай, аднак, шмат чаго ў гэтым залежыць ад французскага боку. «Усё гэта залежыць не ад нас, а ад вас. Будзе ў вас жаданне і імкненне супрацоўнічаць з Беларуссю, мы неадкладна на гэта адкажам», — сказаў беларускі лідар.

Как вам новость?
Головоломки