Лукашэнка: паміж Беларуссю і Кітаем склаліся адносіны стратэгічнага партнёрства

14.09.2010 15:22
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што паміж Беларуссю і Кітаем склаліся "не проста сяброўскія адносіны, а адносіны стратэгічнага партнёрства". Пра гэта Аляксандр Лукашэнка паведаміў падчас сустрэчы з намеснікам старшыні Пастаяннага камітэту Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Цзян Шушэнам.

«Я ўжо не аднойчы казаў, што нашы пункты гледжання з Кітайскай Народнай Рэспублікай цалкам супадаюць па ўсім міжнародным парадку дня», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларуска-кітайскі таваразварот вырас шматкроць з тых часоў, як краіны дамовіліся аб шырокамаштабным супрацоўніцтве. У прыватнасці, за 15 гадоў таваразварот узрос з 35 млн. да 2 млрд. даляраў. Пры гэтым беларускі лідар падкрэсліў, што «крызісныя часы мы пераадольваем вельмі хутка і інтэнсіўна нарошчваем таваразварот». Інвестыцыі Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусь растуць, «і я ўпэўнены, што КНР праз год-два зойме першае месца па інвеставанні ў нашу краіну», перадае БелТА.

Лукашэнка: Кітай можа разлічваць на Беларусь па ўсіх напрамках

«Я ніколі не хаваў і не хаваю таго факту, што Кітайская Народная Рэспубліка можа разлічваць на Беларусь тут, у цэнтры Еўропы, па ўсіх напрамках, — падкрэсліў беларускі лідар. — Думаю, што гэта будзе галоўнай тэмай нашых перамоваў у кастрычніку месяцы падчас майго візіту ў Кітай». Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў кітайскаму боку за маштабную эканамічную, фінансавую і палітычную падтрымку маладой беларускай суверэннай дзяржавы.

У сваю чаргу, Цзян Шушэн адзначыў, што старшыня КНР Ху Цзіньтаа надае вялікую ўвагу будучаму візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай для ўдзелу ў беларускім дні на «ЭКСПА-2010» у Шанхаі. «Ён таксама гатовы сустрэцца з вамі. Спадзяюся, што гэтая надыходзячая сустрэча кіраўнікоў дзвюх дзяржаў акрэсліць перспектывы далейшага развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю», — заявіў віцэ-спікер кітайскага парламенту.

Цзян Шушэн таксама адзначыў, што наведаў Беларусь з візітам упершыню і ў яго засталіся вельмі глыбокія ўражанні. Кітайскі палітык лічыць, што «паміж нашымі дзяржавамі і народамі існуе глыбокае пачуццё дружбы». «Падчас візіту я пераканаўся ў тым, што пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі захоўваецца палітычная стабільнасць, працягваецца эканамічнае развіццё і паступова павышаецца ўзровень жыцця людзей. Я як стары сябар вашай краіны шчыра рады гэтым поспехам», — адзначыў Цзян Шушэн.

Как вам новость?
Головоломки