Лукашэнка паслаў Сідорскага "бегаць па краіне"

02.04.2010 11:59
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка першага красавіка на нарадзе па развіцці будаўнічай галіны краіны даручыў прэм'ер-міністру Сяргею Сідорскаму, яго намесніку, і міністру архітэктуры і будаўніцтва Аляксандру Селязнёву асабіста кантраляваць будоўлю ў Беларусі. "Хочаце працаваць — працуйце і бегайце па краіне", — сказаў прэзідэнт.

«Задача для ўраду, адказных асобаў — да першага жніўня навесці парадак і забяспечыць жалезную дысцыпліну ў падведамных арганізацыях. Наверсе кіраўнічай піраміды будаўнічай галіны павінна быць міністэрства, а не аблвыканкамы. Парадак павінен быць наведзены», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы выказаў незадаволенасць бягучым станам спраў у будаўнічай галіне. «Часцяком Беларусь, маючы свае бударганізацыі, аддае буйныя замовы замежным арганізацыям ці прыватным будаўнічым кампаніям, якія не маюць неабходнай матэрыяльнай базы і ў выніку набіваюць свае кішэні», — заявіў кіраўнік дзяржавы, перадае прэс-служба прэзідэнта.

Звяртаючыся да кіраўніка мінбудархітэктуры, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў загрузіць вытворчы шматгаліновы комплекс у раёнах на 120%. «Астатнія замовы хай забяруць іншыя, — сказаў прэзідэнт. — Я бачыў, як у іншых краінах будуюць. Едзьце ў Кітай і павучыцеся. Яны і кавалка свайго не аддадуць, калі самі змогуць гэта зрабіць».

Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў тэму будаўніцтва жытла ў сельскай мясцовасці. «Мне дакладваюць, што вельмі шматлікія хаты стаяць незаселенымі. Навошта тады там іх будаваць?» — пацікавіўся беларускі лідар і даручыў на працягу першага паўгоддзя разабрацца ў гэтай сітуацыі.

Лукашэнка не патрывае «наплявальніцкага стаўлення» да людзей

Па словах кіраўніка дзяржавы, беларусы нямала скардзяцца на якасць жытла, якое ўзводзіцца. «Няўжо вы гэтага не бачыце?», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў нарады.

Беларускі лідар даручыў у кожнай вобласці краіны правесці гарачую лінію з насельніцтвам па пытаннях якасці жылля. «А мы затым кропкава праверым, як былі выпраўлены недаробкі. І барані Божа, правяральшчыкі знойдуць недахопы. Меры будуць самымі жорсткімі. Наплявальніцкага стаўлення да людзей я не патрываю!» — падкрэсліў прэзідэнт.

«І толькі не кажыце, што адна з прычынаў — гэта нізкі ўзровень нашага персанала, — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас нарады. — Гэта поўнае глупства, што прараб на аб’екце нізкага ўзроўня падрыхтоўкі, маўляў, таму няякасна ідзе будоўля! Пытанне ў бардаку, безадказнасці! Няма дысцыпліны!» — лічыць прэзідэнт.

Па словах беларускага лідара, бюракратыя і хабарніцтва павязалі. «Усе бюракратычныя правалокі прыдуманы для выцягвання грошай», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў краіне «і якасць праектавання пакуль застаецца на нізкім узроўні». Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на тое, што з першага жніўня, з увядзеннем ў краіне еўрапейскіх стандартаў у практыку будаўніцтва, сітуацыя істотна палепшыцца. «Вельмі шмат скарг на праектантаў. Трэба прымусіць, каб у кожнай буйной будаўнічай арганізацыі было сваё праектнае бюро», — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама даў даручэнне намесніку прэм’ер-міністра Віктару Буры «завяршыць усе працы па ўборцы гарадоў пасля зімы на працягу месяца, бо іх стан — імідж усёй краіны».

Как вам новость?